Аляксей Шчадроў. Фота: Беларускае Радыё Рацыя. Кіраўніка прытулку для бяздомных абвінавацілі ў тым, што ён скраў гаманец.

Як паведамляе БелСАТ, Аляксея Шчадрова, былога мэдыка, які адкрыў прытулак для бяздомных пад Шчучынам, усю ноч дапытвалі і зьбівалі міліцыянты. Той прызнаўся, каб яны спыніліся.

31 студзеня Аляксей Шчадроў, вядомы таксама як брат Луіджы, паехаў у бальніцу Шчучынскага раёну, каб вырваць зуб. Пасьля таго, як ён вярнуўся дахаты, да яго завіталі міліцыянты.

«Мяне абвінавацілі ў тым, што ў шпіталі я нібыта забраў кашалёк з трэцяга паверху хірургіі. Міліцыянты пабачылі на камэрах назірання, што я, раней судзімы, быў у той час у шпіталі – і забралі мяне», – распавядае «Белсату» Аляксей Шчадроў.

Наступныя суткі Аляксей Шчадроў правёў у міліцыі, дзе яго зьбівалі, дапытвалі і зноў зьбівалі.

«Двое старэйшыя лейтэнанты сказалі, што праколюць мне вушы і пачалі шчоўкаць стэплерам каля галавы. Іншы старшына запытаўся, колькі ўдараў дручком я вытрымаю – і пачаў біць мяне па плячах і па руках», – распавядае Шчадроў.

Міліцыянты папярэдзілі мужчыну, што калі ён не прызнаецца, яны будуць біць яго ўсю ноч.

«Я не спаў усю ноч. І ўсю ноч яны білі мяне па галаве і па плячах. Каб яны спыніліся, я сказаў, што гэта я скраў кашалёк, але выкінуў яго. Калі мы паехалі ў месца, дзе я яго «выкінуў», гаманца там не было. Потым паехалі ў іншае месца – і там таксама не было. Калі раніцай прыйшлі апэратыўнікі, сталі разьбірацца ды паглядзелі ўсе камэры назіраньня, яны зразумелі, што нешта не складваецца», – працявае ён.

Пасьля таго, як апэратыўнікі пабачылі на запісах відэаназіраньня, што Шчадроў не заходзіў на той паверх, дзе зьнік гаманец, яго адпусцілі. Дахаты ён вярнуўся ўвечары пятніцы.

Аляксею Шчадрову – 33 гады. У маладосьці ён працаваў фэльчарам «хуткай дапамогі». Маючы доступ да лекаў, ён пачаў гандляваць прэпаратамі, якія прадаюцца ў аптэках па рэцэпту. За гандаль наркотыкамі ён адседзеў тры гады.

«За ўсе свае злачынствы я расплаціўся», – кажа Шчадроў.

Сем гадоў таму, пасьля вызваленьня, мужчына набыў у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну хату, дзе зарганізаваў прытулак, у якім даглядае бяздомных людзей, дапамагае ім аднавіць дакумэнты і вярнуцца да нармальнага ладу жыцьця.

Шчадрову не дапамагаюць ані Царква, ані Касьцёл, прытулак ня мае афіцыйнай рэгістрацыі – і не даспадобы ўладам. Мясцовыя чыноўнікі ня раз прымушалі Шчадрова зачыніць асяродак, пазалетась супрацоўнікі КДБ зладзілі ў прытулку ператрус.

«Улада, якая не ў стане дапамагчы, яны топчуць гэтую асобу, гатовыя расьцерці. То бок: «мы не дапамагаем, і ты ня будзеш дапамагаць», – распавядаў нашаму каналу адзін з бяздомнікаў, які жыў у Шчадрова.

Грашыма і адзеньнем прытулку дапамагаюць прыватныя асобы, а таксама сябры партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

шаму каналу адзін з бяздомнікаў, які жыў у Шчадрова.

Грашыма і адзеньнем прытулку дапамагаюць прыватныя асобы, а таксама сябры партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

Крыніца: Аляксея Шчадрова зьбіла міліцыя