Валянцін Стэфановіч Следчы камітэт не палічыў патрэбным разгледзець заяву "Вясны" за подпісам праваабаронцы Валянціна Стэфановіча аб здзейсненым злачынстве ў парадку, прадугледжаным арт. 174 КПК.

Як лічаць у ведамстве, у  заяве “няма аб’ектыўных дадзеных, якія ўказваюць на наяўнасць прыкмент злачынства”, а ў пазначаных у заяве інфармацыйных рэсурсах “фармулёвак, фраз і (або) выразаў, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці або розні, не вызаначана”. 

Нагадаем, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыста Валянціна Стэфановіча накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра унутранных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачанню.

Скрыншот з праграмы тэлеканала ОНТ
Скрыншот з праграмы тэлеканала ОНТ

Гаворка ідзе пра інтэрв’ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што належаць да супольнасці ЛГБТК+, назваўшы іх “дзіравымі”.

“Такім чынам, без усялякіх лінгвістычных экспертыз прадстаўнікі СК узялі і вырашылі, што ў выказваннях міністра Шуневіча няма  распальвання варожасці, там нават не правялі праверкі па заяве ў парадку і тэрміны ўстаноўленыя КПК.  Мала таго далей у сваім адказе СК піша, што “чые-небудзь меркаванні, каментарыі падзей, якія адбыліся, не з’яўляюцца падставай для правядзення праверкі ў парадку, устаноўленым КПК”,  – каментуе адказ Валянцін Стэфановіч.  

Трэба адзначыць, што распальванне варажнечы па якой бы не было прыкмеце, які правіла, ўяляюць  сабой публічныя  выказванні меркаванняў ці адпаведных каментароў, у тым ліку ў СМІ.  Менівіта гэтыя выказванні і павінны падлягаць прававой ацэнцы на прадмет наяўнасці складу злачынства.

Што датычыцца саміх выказванняў і папярэдніх заяваў МУС і яго міністра Шуневіча ў дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТК, праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў:

“Гэты выказванні ўляўляюць сабой класічны прыклад гамафобных выказванняў, якія фармуюць непрыязь, пачуццё агіды, нянавісці да прадстаўнікоў дадзенай  групы ў грамадстве і па сваёй прыродзе схожыя з расізмам, ксенафобіяй, антысемітызмам. У любой нармальнай дэмакратычнай краіне пасля такіх публічных  выказванняў на нацыянальным ТВ  міністр проста пазбавіўся б сваёй пасады”.

Праваабаронцы ў сваю чаргу адзначаюць, што ў беларускім грамадстве і так дастаткова высокі ўзровень гамафобіі, што часам прыводзіць нават да здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзянаў па матывах нянавісці менавіта па прыкмеце іх сэксуальнай арыентацыі. Замест таго, каб супрацстаяць такім негатыўным праявам, міністр Шуневіч дазваляе сабе ўжываць жарганізмы, характэрныя для носьбітаў крымінальнай субкультуры альбо носьбітаў неанацыскіх поглядаў.

Раней на зварот Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў сувязі з дыскрымінацыйнымі выказваннямі міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў адрас ЛГБТК-супольнасці адказала Генеральная пракуратура.

Начальніца аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзянаў Марына Папова пры вывучэнні зместу інтэрв'ю Ігара Шуневіча тэлеканалу АНТ устанавіла, што міністрам было “выказана асабістае меркаванне па некаторых пытаннях”.

"У дадзеным артыкуле не выкарыстоўваюцца словы, фразы і словазлучэнні, ужыванне якіх дазволіла б сцвярджаць аб наяўнасці ў іх складу якога-небудзь правапарушэння або крымінальна пакаральнага дзеяння", - адзначаецца ў адказе.

У сувязі з гэтым, Генеральная пракуратура палічыла, што падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання няма.

Крыніца: Стэфановіч: "У любой дэмакратычнай краіне пасля такіх публічных выказванняў міністр проста пазбавіўся б пасады"