Актывіст «Маладога фронту» Дзмітрый Крамянецкі звярнуўся ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі з заявай аб вынясенні пастановы на кампенсацыю шкоды.
Малады чалавек лічыць, што яго ўтрыманне пад вартай было незаконным. Акрамя гэтага, на ўсе допыты Дзмітрыя вадзілі з апранутым на галаву чорным мяшком, што, відавочна, рабілася ў мэтах запалохвання і псіхалагічнага ціску і прычыняла яму асаблівыя пакуты, а таксама прыніжала яго чалавечую годнасць.
Пасля атрымання пастановы Дзмітрый Крамянецкі плануе звярнуцца ў суд з позвай да Міністэрства фінансаў, КДБ і МУС аб кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, а таксама кампенсацыі выдаткаў на юрыдычную дапамогу.
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка, які дапамагаў складаць заяву актывісту, адзначае, што ў адпаведнасці з арт. 462 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса пры наяўнасці падстаў орган, які вядзе крымінальны працэс, абавязаны прызнаць за фізічнай асобай права на кампенсацыю шкоды, пра што выносіць пастанову, у якое адзначае выгляд нанесенай шкоды.
«У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 460 КПК шкоду, якую прычынілі грамадзяніну ў выніку незаконнага затрымання, утрымання пад вартай і дамашняга арышту, часовага адхілення ад пасады, памяшчэння ў псіхіятрычны стацыянар, асуджэння, прымянення прымусовых мер бяспекі і лячэння, кампенсуецца дзяржавай у поўным аб'ёме незалежна ад віны асобы, якая праводзіць дазнанне, органа дазнання, следчага, пракурора, Старшыні следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Старшыні камітэта дзяржаўнай бяспекі Республікі Беларусь або асобаў, якiя выконваюць iх абавязкi, або суда", - падкрэслівае юрыст.
Нагадаем, Дзмітрый Крамянецкі быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 23 сакавіка 2017 года па падазрэнні ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». 2 чэрвеня старэйшым сьледчым па асабліва важных справах 1 аддзела следчага ўпраўлення КДБ А.В. Грыбам вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасьцю ў дзеяньні складу злачынства.
Крыніца: Дзмітрый Крамянецкі патрабуе ад КДБ кампенсацыю шкоды за ўтрыманне пад вартай