У ходзе сустрэчы кіраўніцтва завода па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон», чыноўнікаў і мясцовых жыхароў у аграгарадку Вейна 25 студзеня ў журналістаў патрабавалі пасведчанні і перапісвалі прозвішчы.
Першапачаткова сустрэчу ў будынку сельвыканкама арганізавалі як адказ на зварот 29 мясцовых жыхароў, якія незадаволеныя працай прадпрыемства. Аднак на мерапрыемства прыйшло значна больш чалавек, у тым ліку журналістаў. Падобна на тое, што менавіта іх раённае кіраўніцтва і начальства завода лічыць сваёй галоўнай непрыемнасцю.
Магілёвец Міхаіл Аршынскі падзяліўся з журналістамі сайта mspring.online відэа з сустрэчы. На ім вядучы сустрэчы, першы намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў досыць нервова рэагуе на карэспандэнтаў, якія прыйшлі на сустрэчу.
– Губернатар вядзе, напрыклад, прыём грамадзян. Колькі мы там бываем, ніколі там СМІ не бачым.
Пасля таго, як яму адказалі, што журналісты ходзяць туды, Палоннік пачаў выкручвацца:
– Ну, было мала, не такая колькасць.
Пасля гэтага ён папрасіў усіх прысутных карэспандэнтаў прад’явіць дакументы:
– Ва ўсіх ёсць пасведчанні журналістаў? Першапачаткова пытанне было пастаўлена так …Медыяпрастора працуе шырока, і вы ж адказваеце за тое, што вы публікуеце і пішаце, правільна? … Ва ўсіх ёсць пасведчанні, што вы журналісты, што вы дзесьці працуеце ці … Можна паглядзець? Трэба перапісаць па нумарах, ці мала што. Проста ў СМІ потым выльецца … ці мала нейкая інфармацыя, якой тут можа не быць … Так што трэба перапісаць усіх СМІ прысутныя, калі няма дакументаў, папросім выдаліцца … Ніхто ж не супраць?
Нязгодных не было. Калі да Палоннікава падыходзіла першая журналістка, дырэктар «Омск Карбон Магілёў» Мікалай Крывіцкі засмяяўся і сказаў нешта вельмі падобнае на «Ой, клоўны …». На відэа гэты момант вы ўбачыце з 02:16.
Цікава, кім лічыць спадар Крывіцкі ўсіх астатніх?
Крыніца: Вейна: У журналістаў перапісвалі пасведчанні – "ці мала што"