20 чэрвеня журналіст Уладзімір Лапцэвіч зьявіўся ў Ленінскі РАУС Магілёва да маёра Яўгена Слаўнікава, каб даведацца, ці будзе распачаты ў дачыненні да яго адміністрацыйны працэс за публікацыі ў часопісе беларусаў Польшчы «Ніва».
Як аказалася, ён ужо пачаўся. На Лапцэвіча склалі 7 асобных пратаколаў за кожны матэрыял, які быў апублікаваны ў тыднёвіку за апошнія два месяцы.
– Мяне абвінавачваюць па ч. 2. арт.22.9 КаАП за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Я пазначыў у пратаколе, што не згодны з гэтым, паколькі я ўсяго толькі пазаштатны аўтар. Прадукцыю СМІ вырабляе само СМІ. Я нават не з’яўляюся журналістам выдання, – распавёў сайту mspring.online Лапцэвіч.
У міліцыі карэспандэнт высвятліў, што справа была распачата яшчэ 5 траўня, аднак яе прыпынілі з-за адсутнасці доказаў. На дапамогу міліцыі прыйшла падатковая інспекцыя:
– У РАУС прадставілі копіі падатковых дэкларацый. Я сумленна выплочваў падаткі з аўтарскага ўзнагароджання, усю гэтую інфармацыю прадставілі міліцыі. Там палічылі, што гэтых дадзеных дастаткова, каб заявіць пра існаванне працоўнага дагавора паміж мной і «Нівай», – падзяліўся журналіст.
Ён выявіў у матэрыялах справы, што маёр Яўген Слаўнікаў разам з двума калегамі нават склалі пратакол агляду месца здзяйснення правапарушэння – старонак часопіса.
– Было бачна, што міліцыя правяла карпатлівую працу, чытаючы «Ніву». Спадзяюся, што падаткі, якія ідуць на дзейнасць супрацоўнікаў АУС, не знікаюць дарма, – іранічна заўважыў Уладзімір Лапцэвіч.
Ён чакае, што суд у дачыненні да яго адбудзецца ў бліжэйшы час.
Крыніца: На Уладзіміра Лапцэвіча склалі 7 пратаколаў за журналісцкую дзейнасць