У Беларусі 26 студзеня ўступілі ў сілу змены ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Праваабаронцы сабраліся на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў”, каб ацаніць змены ў Закон на прадмет адпаведнасці міжнародным стандартам у галіне свабоды мірных сходаў, паразважалі наконт доступа на права на свабоду мірных сходаў у Беларусі, і якія "падводныя камяні" могуць узнікнуць з правядзеннем масавых мерапрыемстваў.
Праваабаронцы з рэгіёнаў Алёна Маслюкова, Аляксей Толчын, Віктар Сазонаў, Сяржук Русецкі падзяліліся досведам у правядзенні масавых мерапрыемстваў у сваіх гарадах: Светлагорску, Магілёве, Гродна, Бярозе, абмяркавалі, з якімі праблема сутыкаюцца яны.
Таксама на “Тэрыторыі правоў” была прадстаўлена фотавыстава, якая адлюстравала праблематыку сталых месцаў для масавых мерапрыемстваў (стадыёнаў, паркаў на ўскрайках гарадоў і іншых не вельмі прыдатных месцаў).
Раней дзяржаўныя органы анансавалі гэтыя змены як нешта прагрэсіўнае і інавацыйнае, разбіраемся ці так гэта.
Што змянілася ў правядзенні масавых мерапрыемстваў у апошнія некалькі дзён?
- Увядзенне паведамляльнага парадку правядзення статычных масавых мерапрыемстваў (на шэсце, як і раней, трэба браць дазвол) у заканадаўча вызначаных месцах. Згодна з гэтым парадкам трэба не пазней 10 дзён проста паведаміць у выканкам паведаміць пра жаданне правесці акцыю. Праўда, улады ўсё роўна могуць забараніць акцыю, калі “заяўка не адпавядае заканадаўству” або калі нехта ўжо заявіў мітынг у гэтым месцы ў той жа час.
Але пры гэтым асноўнай формай застаўся дазваляльны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў. Як адзначае праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч, гэта толькі на першы погляд выглядае як пазітыўная змена.
- У Мінску павялічылася колькасць дазволеных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Мінскі гарвыканкам унёс змены ў сваё рашэнне 2011 года, якое вызначала "пастаянныя месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў", яны ўступілі ў сілу 26 студзеня.Так, іх колькасць павялічылася да шасці (раней - тры). Цяпер масавыя мерапрыемствы можна праводзіць яшчэ ў трох месцах:— Пляцоўка каля ўваходу ў парк імя Грэкавай (па другі бераг Свіслачы ад заапарку і «Чыжоўка-Арэны»);— сквер Жукава (за мостам, дзе вуліца Чыгуначная праходзіць пад праспектам Жукава, за 1 км ад метро «Грушаўка» і «Міхалова»);— Тучынскі сквер (ля сажалкі на вуліцы Харкаўскай – на захад ад метро «Маладзёжная»).
- Замацаваны парадак аплаты паслуг. Пакуль праваабаронцы абмяркоўвалі змены, урад у гэты час апублікаваў парадак аплаты паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку, выдаткі на медычнае абслугоўванне і прыбіранне тэрыторыі пасля правядзення масавых акцый, зацверджаныя пастановай Савету Міністраў ад 24 студзеня 2019 году № 49.
Згодна з пастановай, пасля атрымання дазволу (або пры адсутнасці забароны) на правядзенне акцыі арганізатар не пазней як за два дні да запланаванай даты павінен заключыць дамовы аб ахове грамадскага парадку, медычным абслугоўванні, прыбіранні тэрыторыі
Цяпер арганізатар мусіць заплаціць наступныя сумы за ахову грамадскага парадку:
- 3 базавых (76,5 рубля) — калі ў акцыі бяруць удзел да 10 чалавек;
- 25 базавых (637,5 рубля) — ад 11 да 100 чалавек;
- 150 базавых (3825 рублёў) — ад 101 да 1000 чалавек;
- 250 базавых (6375 рублёў) — больш за 1000 чалавек.
Што прапаноўвалі праваабаронцы?
Яшчэ да прыняцця зменаў у Закон некалькі праваабарончых арганізацый падрыхтавалі свае прапановы да праекта і накіравалі іх у Парламент. Яны звярнулі ўвагу заканадаўчага органа, што праект не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правядзення мірных сходаў. Таму настойвалі на прыняцці новага закона, а не змену старога. Але паколькі ў Парламенце абмяркоўваліся ўнясенні зменаў і дапаўненняў у дзеючы Закон, таму праваабаронцы выказаліся і на гэты конт.
- Прапаноўвалі падзяляць рэгуляванне мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю грамадзянамі свайго права на выказванне меркавання і іншых масавых мерапрыемстваў (культурна-відовішчныя, спартыўныя масавыя мерапрыемствы), бо яны нават па прыродзе сваёй розныя.
“Тут узнікае праблема з аплатай паслуг, звязаных з правядзеннем масавых мерапрыемстваў. Бо аплата за правядзенне, напрыклад, спартыўных мерапрыемстваў дапускаецца. Аднак тое, што чалавек выказвае сваё меркаванне ў выглядзе пратэста не павінны ўвогуле аблагацца нейкімі сумамі”, — падкрэслівае Зміцер Чарных, праваабаронца БХК.
- Расшырыць пералік месцаў, дзе можна праводзіць масавыя мерапрыемствы. У прыватнасці заканадаўча замацаваць пералік толькі тых месцаў, дзе забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы. Астатнія месцы павінны быць даступнымі для выказвання меркаванняў. Бо павінен дзейнічаць прынцып бачнасці і чутнасці.
“У такіх месцах, што з па заканадаўству, правядзенне масавых мерапрыемстваў часта губляе сэнс. Адсутнічае аб’ект, якому прысвечана выказванне меркавання. Не зразумела, як можна выразіць пратэст супраць прыняцця, напрыклад, рашэння Брэсцкага аблвыканкама, калі чалавек выступае не на супраць непасрэдна будынка выканкама, а дзесць далёка ў парку, дзе яго не чуе патрэбная мэтавая аўдыторыя, да якой ён звяртаецца”, — адзначае Зміцер Чарных.
- Увядзенне паняцця контрдэманстрацыі. Бо па дзеючаму заканадаўству немагчыма адначасовае правядзенне ў адным месцы дзвюх ці некакалькіх масавых мерапрыемстваў.
- Вывесці з-пад дзеяння Закона рэгуляванне адзіночнага пікету, бо нават па свайму характару ён не з’яўляецца масавым мерапрыемствам. Але па беларускаму заканадаўству любая пратэстная актыўнасць рэгулюецца Законам “Аб масавых мерапрыемстваў”.
Гэтыя прапановы даследваліся, вывучаліся заканадаўчым органам, але так і не былі ўлічаны пры прыняцці зменаў у заканадаўства.
Што трэба рабіць?
- Праводзіць маніторынг, як будуць працаваць змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах на практыцы. У прыватнасці, ці будуць дазваляць праводзіць масавыя мерапрыемствы ў паведамляльным парадку. Калі не будуць, то па якіх прычынах.
- Звяртацца ў выканкамы з просьбай публікаваць у сябе на сайце інфармацыю пра пададзеныя заяўкі. Гэта зробіць паведамляльны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў публічным і празрыстым.
- Звяртацца ў гарадскія і раённыя выканкамы з заявай аб павялячэнні колькасці месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Напрыклад, у Магілёве на дадзены момант дазволена толькі ў адным месцы праводзіць масавыя мерапрыемствы. “Добрым аргументам можа гучаць, што ў Мінску павялічылі колькасць такіх месцаў удвая”, — дадае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
- Размаўляць з прадстаўнікамі выканаўчай улады аб сінхранізацыі месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў, якія дазволены падчас выбараў і ў звычайным жыцці. Падчас выбараў згодна з Выбарчым кодэксам выканкамы вызначаюць месцы для правядзення сустрэчаў кандыдатаў з выбаршчыкамі ці збора подпісаў. І таму колькасць месцаў для правядзення такіх масавых мерапрыемстваў павялічваецца. “Чаму падчас выбараў улады не баяцца праводзіць масавыя мерапрыемствы ў паведамляльным парадку, калі градус палітазаванасці ў грамадстве вышэй. А ў звычайным жыцці чамусьці праходзіць у зусім іншым рэжыме”, — разважае праваабаронца.
Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч адзначае напрыканцы: “Асноўныя прэтэнзіі праваабарончай супольнасці да гэтага Закону застаюцца. Ён шмат у якіх момантах не адпавядае міжнародным стандартам у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання. Яшчэ рана тут гаварыць пра лібералізацыю”.
Крыніца: Праваабаронцы абмеркавалі змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў. Што не так? Фота