На пошту ПЦ "Вясна" прыйшоў ліст ад зняволенага Ю., які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №9 у Горках.
Большую частку свайго тэрміну зняволены прабыў у калоніі ў Навасады без парушэнняў і нават мог быць умоўна-датэрмінова вызвалены.
Аднак пасля пераводу асуджанага ў ПК-9 у Горках і змены там кіраўніцтва калоніі, яму адразу пачалі выносіць спагнанні і ўжо прад'явілі абвінавачванне па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу - "Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі". Цяпер яму пагражае да двух дадатковых гадоў пазбаўлення волі.
"Яна [мама] вельмі хвалюецца за мяне і баіцца, што пачнуць справу па арт. 411. Толькі супакоіў яе, нават сказаў, што і адвакату няма чаго ездзіць, у другой палове дня прыносяць адразу дзве пастановы. Адна аб узбуджэнні крымінальнай справы па арт. 411 ч. 2, другая - аб адмове ўзбуджэння справы па факце збіцця мяне ноччу 20га снежня.
Адміністрацыя па месцы правяла расследаванне і прыйшла да высновы, што я сам збіў сябе з мэтай з'ехаць з гэтага лагера, а таксама пазбягання распачынання крымінальнай справы па арт. 411! Я проста ў шоку ад гэтага!!!" - піша ў сваім лісце вязень.
Накладзеныя спагнанні асуджаны абскарджвае, але атрымлівае адпіскі. Ён просіць праваабаронцаў надаць агалосцы яго выпадак і аказаць пасільную дапамогу.
Што думаюць праваабаронцы?
Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на праблему наяўнасці артыкула 411 ў крымінальным заканадаўстве, які ўскладняецца тым, што спагнанні за парушэнні накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній - афіцэрамі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта спараджае практыку адвольнага і выбарчага прымянення артыкула 411 - напрыклад, супраць непажаданага адміністрацыі папраўчай установы зняволенага або пры палітычным матыве уладаў.
Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што яшчэ ў снежні 2015 года Генеральная Асамблея ААН прыняла перагледжаны тэкст Мінімальных правілаў абыходжання са зняволенымі і ўхваліла яго назву - «Правілы Нэльсана Мандэлы».
Так, у адпаведнасці з Правілам 39 меры спагнання ў дачыненні да зняволеных могуць уводзіцца толькі згодна з прынцыпамі справядлівасці і належнай прававой працэдуры. Зняволены ніколі не павінен падвяргацца паўторнаму спагнанню за адно і тое ж дзеянне або парушэнне; турэмная адміністрацыя павінна забяспечваць суразмернасць дысцыплінарнага спагнання і парушэння, за якое такое спагнанне прызначаецца.
“Варта нагадаць, што крымінальная адказнасць па артыкуле 411 у выглядзе пазбаўлення волі прымяняецца фактычна за здзяйсненне дысцыплінарных праступкаў, якія ўжо былі пакараныя ў дысцыплінарным парадку.
Важным уяўляецца і тая акалічнасць, што па сэнсе дыспазіцыі артыкула 411крыміналізавана толькі тое непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якое з'яўляецца формай процідзеяння адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый. Гэта значыць, не кожная сукупнасць дысцыплінарных праступкаў з'яўляецца злачыннай; у большасці выпадкаў дысцыплінарныя правіны не маюць на мэце процідзеяння адміністрацыі ў «ажыццяўленні яе функцый», і рэакцыя на іх можа абмяжоўвацца выключна дысцыплінарнымі мерамі", - падкрэслівае Павел Сапелка.
Праваабаронца лічыць, што нявызначанасць паняццяў прывяла да таго, што артыкул 411 КК можна адвольна ўжываць як інструмент падаўжэння тэрміну пазбаўлення волі па меркаванні адміністрацыі папраўчай установы.
Нагадаем, што па гэтым жа артыкуле за некалькі дзён да вызвалення падаўжаўся тэрмін былым палітвязням Мікалаю Дзядку, Дзмітрыю Дашкевічу. Верагодна, гэты ж артыкул можа быць прыменена і да цяперашняга палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі №9, дзе для яго створаныя невыносныя ўмовы, а адміністрацыя калоніі шматразова выносіла спагнанні ў выглядзе сутак у ШІЗА і пераводу ў ПКТ за адмовы яго следаваць ў атрад, сфармаваны са зняволеных з «нізкім статусам».
Чытайце таксама гісторыю Уладзіміра Бандарэнкі, які ўжо восем (!) разоў асуджаны да пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса.
Крыніца: Замест УДВ асуджанаму падоўжаць тэрмін па 411 артыкуле?