На Мікалая Дзядка завялі новую адміністрацыйную справу па арт. 17.11 КаАП (Выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Гэта ўжо трэцяя справа на актывіста за апошнія сем месяцаў, паведамляе "Новы Час".
"Завялі новую адміністратыўку, на гэты раз за "размещение экстремистских материалов в социальной сети Вконтакте". Разлік на тое што СМІ надакучыць аб гэтым пісаць і на сістэматычны пераслед перастануць звяртаць увагу", — піша ён у фэйсбуку.
Аб якіх канкрэтна матэрыялах ідзе гаворка — невядома. У каментары НЧ Мікола Дзядок адзначыў, што гэта могуць быць матэрыялы забароненых анархісцкіх груп:
"Пратакол я яшчэ не бачыў. Але час ад часу рэпошчу матэрыялы анархісцкіх сайтаў і груп, якія прызнаныя экстрэмісцкімі: "Прамень" і "Анархічны чорны крыж". Можа, прычапіліся да гэтага. А можа, і да чаго іншага. Пакуль дакладна я не ведаю".
Аб узбуджэнні справы анархіст даведаўся з позвы, якая прыйшла на ягоны адрас:
"24-га студзеня ўвечары прыходзіць позва з'явіцца 25-га студзеня зранку ў Фрунзенскі РУУС. Але саму позву я пабачыў толькі 26-га. Таму, вядома, нікуды не пайшоў".
Нагадаем, гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа супраць журналіста НЧ за апошнія сем месяцаў.
- 12 ліпеня 2018 Мікола Дзядок быў затрыманы ля дома АМАПам і дастаўлены ў Фрунзенскі РУУС, а пасля ў суд Фрунзенскага раёну, дзе яму прысудзілі 20 базавых велічынь за "Дэманстрацыю нацысцкай сімволікі" (калажы і скрыншоты, у якіх высмейваецца нацызм).
- 27 снежня 2018 Міколу Дзядка судзілі па тым жа артыкуле — за фота людзей са сцягам арганізацыі "Misantropic divizion", які ўнесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Фота было прымацаванае да паста ў Фэйсбуку, дзе Мікалай крытыкуе людзей, якія дазваляюць сабе фота з сімпатызантамі неанацызму. Штраф — 40 базавых велічынь.
- 17 студзеня 2019 позна ўвечары памежнікі знялі Міколу Дзядка з аўтобусу Вільня-Мінск, калі ён вяртаўся з вучобы, пасля чаго ўчынілі асабісты дагляд. Прычына праверкі не была ўдакладненая, але сам Дзядок звязвае гэта з унясеннем яго ў спісы "экстрэмістаў".
Крыніца: Чарговая адміністрацыйная справа за посты ў сацсетках