Жыхар горада Светлагорску даслаў у рэдакцыю сайта “Гомельская вясна” артыкул пра жыццё людзей гораду і раёну ва ўмовах функцыянавання заводу белёнай цэлюлозы, які быў пабудаваны напрыканцы мінулага году, і з таго часу – з’яўляецца крыніцай трывог і небяспекі для жыхароў.
З'яўленне Завода беленай цэлюлозы (ЗБЦ) на тэрыторыі ААТ "СЦКК" ў 2017 годзе падзяліла жыццё жыхароў Светлагорска і раёна на час "да" і "пасля" гэтай падзеі. Што нешта падобнае было ў 1996, калі ўлады афіцыйна абвясцілі, што ў горадзе эпідэмія віч-інфекцыі. Паніка, страх, пачуццё небяспекі, злосць.
Калі завод будавалі, улады пераконвалі ў яго абсалютнай бяспецы, што ён не нясе ніякай пагрозы навакольнаму асяроддзю. Праўда, фраза аднаго з вышэйшых кіраўнікоў раёна, вымаўленая тады на нейкай сустрэчы, толькі цяпер разумеецца літаральна: "Не хвалюйцеся, усё будзе ў парадку. Гэта найноўшая тэхналогія. Будзеце ўсё хадзіць "у белых тапках." Шмат сказана слоў і прамоваў аб неабходнасці завяршэння пусканаладачных работ на заводзе. А калі яны скончацца ўсё будзе добра. І што? Яны ідуць ужо больш за год. Што не так? Не хапае кваліфікаваных спецыялістаў, здольных завяршыць гэты працэс? Так прадугледжана тэхналогіяй? Ці ўсё ж такі завод пабудаваны з вялізнымі парушэннямі і недаробкамі?
Так, тэхналогія накшталт еўрапейскай, аўстрыйскай кампаніі Andritz, сусветнага лідэра ў сферы вытворчасці абсталявання для цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Але ж вырабляліся усе вузлы, агрэгаты і прыборы, з якіх пабудаваны завод, не ў Аўстрыі, а ў Кітаі кітайскай кампаніяй China CAMC Engineering Co., Ltd. (OAO "Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС"). Зразумелая справа – па аўстрыйскай ліцэнзіі. Не хочацца казаць, што "ўсё кітайскае - дрэннае". Гэта не так. Але вельмі часта кітайскія тавары - гэта латарэя. Светлагорцам мабыць у гэтай латарэі не пашанцавала.
Няма сэнсу ўдавацца ў тэхніка-хімічныя падрабязнасці, але факт такі, што амаль кожны дзень горад накрывае заслона дыму з новага завода. Прычым колер у яго бывае розны - белы, шэры, аранжавы, ружовы. Мабыць у залежнасці ад выкарыстоўваных інгрэдыентаў рыхтуецца "варыва". Штодзённае самаадчуванне жыхароў залежыць ад напрамку ветру. Альбо ён дзьме з боку прамзоны на горад, прыносячы з сабой атрутныя выпарэнні, альбо ў іншыя кірункі. Але тады дастаецца найбліжэйшых сельскім населеным пунктам, якія знаходзяцца "ў зоне паражэння”. Светлагорск ня хутар пасярод лесу, і не часовы лагер турыстаў, які можна згарнуць і з'ехаць. Гэта 70-тысячны райцэнтр з магутнай прамысловай базай, якая стваралася некалі, у тым ліку, для патрэб касмічнай галіны Савецкага Саюза.
Будаўніцтва гэтага прадпрыемства - "неаранае поле" для праверак з боку пракуратуры і іншых кантралюючых ведамстваў. Пачынаючы з нібыта "не таго" сілавога кабеля, пракладзеным па ўсім заводзе, і заканчваючы адпаведнасцю ўсяго тэхналагічнага цыклу экалагічным нормам бяспекі для ўсяго жывога што знаходзіцца побач. Дарэчы канцэрн Беллеспаперапрам, у склад якога ўваходзіць ААТ "СЦКК", не адносіцца да Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь, а наўпрост падпарадкоўваецца Савету Міністраў. На маю думку, гэты факт памяншае падсправаздачнасць гэтага праекта (ЗБЦ) і прытупляе пачуццё адказнасці для чуноўнікаў, якія курыруюць будаўніцтва.
Беларусь, як вядома, зьяўляецца падпісантам Орхускай экалагічнай канвенцыі, якая дэкляруе права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Дык чаму ў горадзе Светлагорску пастулаты гэтага пагаднення парушаюцца самым дзікім і варварскім чынам? Чаму ўжо год жыхары горада вымушаныя дыхаць атрутным паветрам, якое выклікае млоснасць, галавакружэнне і непрытомныя станы? Сітуацыя сапраўды страшная.
Вось нядаўняе здарэнне на цэнтральным гарадскім рынку. Сонечны дзень. Рынак знаходзіцца практычна пасярод сасновага лесу. Здавалася б дыхай, рабі пакупкі і радуйся жыццю. Раптам увесь квадрат накрываецца выхлапам з новага завода. Становіцца рэальна няма чым дыхаць. Замест глытка свежага зімовага паветра атрымліваецца ўпусціць у лёгкія грымучую сумесь адпрацаваных газаў і незразумела яшчэ якой хімічнай субстанцыі. На тварах людзей пачуццё панікі і небяспекі. Усе прыціхлі і глядзяць адзін на аднаго. Першая думка - бегчы. Але куды пабягуць гандляры, калі тавар застанецца ляжаць на прылаўках без нагляду? Ды і "прытулку ад хімічнай атакі" паблізу няма. Не ведаю што было далей. Я і яшчэ некалькі чалавек спешна дабраліся да бліжэйшага будынку і там схаваліся. Калі камусці здасца гэта жартам, то гэта не так. І такія сітуацыі здараюцца пастаянна. Шмат гаварылася, што на заводзе выкарыстоўваюцца хімічныя рэчывы першага класа небяспекі. У прыватнасці хлор і яго злучэнні. Я не магу дакладна сцвярджаць ці так гэта, бо не з'яўляюся спецыялістам у гэтай галіне. Але такія вось гісторыі прамое таму пацвярджэнне.
Ніхто не спрачаецца, што краіне патрэбныя новыя вытворчасці і новыя працоўныя месцы. Патрэбна пастаянная мадэрнізацыя вытворчай сферы, каб ісці ў нагу з часам і быць канкурэнтаздольнымі на сусветным рынку. Але не такім коштам. Лепш быць крыху бядней, але жывымі і здаровымі.
Замоўчваць сітуацыю з тым, што адбываецца больш нельга. Чакаць сканчэння нейкіх міфічных "пусканаладачных работ", якія нібыта выправяць сітуацыю, больш няма сэнсу. Вытворчасць трэба цалкам спыняць і праводзіць глыбокую, комплексную праверку ўсяго абсталявання і тэхналагічнага цыкла на адпаведнасць тэхнічным нарматыўна-прававым актам (ТНПА) Рэспублікі Беларусь. У адваротным выпадку такі завод і "такія" працоўныя месцы гораду не патрэбныя.
Крыніца: Жыхар Светлагорску: Нас павольна труцяць кожны дзень