Мінскі гарадскі суд 20 чэрвеня разглядаў скаргі грамадзянскіх актывістаў, пакараных за веснавыя акцыі пратэсту ў сталіцы.
Актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Леаніда Кулакова суд Першамайскага раёна Мінска 18 траўня прызнаў вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і пакараў штрафам у памеры 50 базавых велічынь. Гэтую пастанову актывіст вырашыў абскардзіць, паколькі перакананы, што мае права мірна выказваць сваё меркаванне.
У Менгарсудзе Кулакоў гатовы быў біцца аб заклад з суддзёй Алегам Зямцовым, што можа прадказаць вынікі судовага паседжання, маўляў, прысуд будзе пакінуты ў сіле, а скарга без задавальненння. Так яно ўрэшце і атрымалася.
Не ўлічыў суд і хадайніцтва Кулакова аб тым, каб грашовы штраф быў заменены арыштам, паколькі ён не мае сродкаў на аплату вялікага штрафа.
“У такім разе, паколькі я неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах, – заявіў суду Кулакоў, – прашу прызнаць мяне рэцыдывістам".
Аднак суддзя толькі заўсьміхаўся ў адказ.
Скарга сябра Руху «За Свабоду» Аляксея Клюшнічэнкі, якую Менгарсуд разглядаў у той жа дзень, была прадказальна пакінутая без задавальнення. Актывіст таксама быў пакараны за Першамай. Раней суд Маскоўскага раёна Мінска вынес пастанову аб прыцягненні Коюшнічэнкі да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь.
Крыніца: Мінскі гарадскі суд адмовіўся прызнаць Леаніда Кулакова рэцыдывістам