У Брэсцкім РАУС 23 студзеня ў дачыненні да актывісткі Юліі Нічыпарук быў складзены пратакол аб адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП "Парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў", паведамляе "Брэсцкая газета".
У ім пазначана, што яна пятага студзеня знаходзячыся паблізу завода ТАА «АйПауэр», з мэтай выказвання публічнага пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода «размясціла на сярэднюю частку снегавіка ўлётку «Прэч атруту! Не заводу! Гаспадарыць тут народу!», а таксама на верхнюю частку снегавіка 4 стыкеры на самаклейнай стужцы з надпісамі «Не заводу АКБ ў Брэсце, свинец@жизни.нет», гэта значыць ажыццявіла пікетаванне».
Жанчыне ўручана позва аб тым, што яна павінна з'явіцца ў суд Брэсцкага раёна 30 студзеня ў 10.00, дзе будзе разгледжана адміністрацыйная справа ў дачыненні да яе.
«Міліцыі заняцца больш няма чым, як барацьбой са снегавікамі», - коратка пракаментавала Юлія Нічыпарук.
Пятага студзеня актывісты грамадскай кампаніі сабраліся ля завода АКБ ў СЭЗ «Брэст», каб адзначыць гадавіну пачатку пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Людзі стаялі і размаўлялі, абмяркоўвалі падзеі, якія прайшлі за год у сувязі з будаўніцтвам прадпрыемства. Юлія Нічыпарук прыехала да заводу са сваімі дзецьмі, якія зляпілі тры снегавіка, пакуль дарослыя размаўлялі. На адзін з снегавікоў прымацавалі ўлёткі супраць акумулятарнага завода.
Крыніца: У Брэсце склалі пратакол з-за снегавіка, якога дзеці зляпілі каля акумулятарнага завода