Фігуранты новай крымінальнай справы аб графіці па артыкуле 341 КК РБ - Дзмітрый Паліенка, Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева - вечарам 23 студзеня пасля допыту адпушчаныя з УУС Заводскага раёна пад падпіску аб нявыездзе, паведаміў БелаПАН адзін з паплечнікаў Паліенкі.
«Рэчы Дзмітрыю не аддалі. На экспертызу дадаткова ўзялі куртку. 24-га студзеня ў 15 гадзін ён зноў павінен быць у следчага», - сказаў суразмоўца.
Паліенку, Чуліцкага і Гусеву затрымалі 21 студзеня і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Яны падазраюцца ў здзяйсненні злачынства па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
23 студзеня Следчы камітэт пацвердзіў ўзбуджэнне крымінальнай за нанясенне графіці на адзін з будынкаў на вуліцы Ахоцкай ў Заводскім раёне Мінска.
Паводле папярэдняй інфармацыі, былога палітвязня Зміцера Паліенку з сябрамі абвінавачваюць, што яны нібыта 22 снежная мінулага года нанеслі графіці "Менты забіваюць людзей" на сцяну аднаго з гарадскіх будынкаў на вуліцы Ахоцкай. Верагодна, супрацоўнікі міліцыі змаглі іх апазнаць па відэаздымцы з акцыі, нягледзячы на зачыненыя маскамі твары.
21 студзеня Паліенку і Чуліцкага затрымалі. Раніцай таго ж дня ў кватэры Чуліцкага ў прысутнасці яго маці прайшоў ператрус, які праводзілі чатыры супрацоўнікі следчых органаў. Былі канфіскаваныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў.
Крыніца: Пад падпіску аб нявыездзе: затрыманыя за графіці выйшлі на свабоду