Вось і прыйшла да нас радасная вестка пра адмену сумнавядомага артыкула 193.1 Крымінальнага кодекса. Ад моманту прыняцця артыкула 193.1 у снежні 2005 года ўсе мы, вясноўцы, штодня знаходзіліся пад пагрозай крымінальнага пераследу за сваю праваабарончую дзейнасць. Пагрозы тыя ў розныя часы былі розныя – ад рэальных да верагодных і ўяўных. Усе залежала ад бягучага палітычнага моманту.
Я выдатна памятаю наш настрой і адчуванне непазбежнай бяды, калі гэты артыкул быў прыняты “палаткай”. Прадстаўляючы яго дэпутатам, тагачасны старшыня КГБ, няўтомны змагар з пацукамі ў вадаправодах, таварыш Сухарэнка сказаў, што артыкул прымаецца "для канкрэтных асобаў і мы іх ведаем". Разам з 193.1 у Крымінальны кодэкс уносіліся яшчэ некаторыя выразна палітычныя артыкулы – напрыклад, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369.1).
Мы ў “Вясне” вельмі дакладна ўяўлялі, што азначалі для нас гэтыя змены. Перспектыва ўвязнення набыла як ніколі рэальныя перспектывы. Мы ўсе былі сябрамі незарэгістраванай арганізацыі ўжо два гады і атрыманне новай дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыі для нас не прадбачылася. Перад намі паўстала сур’ёзная дылема. На той момант ніхто не ведаў, як сладзецца правапрымяняльная практыка і ці ёсць мы ў спісе Сухарэнкі тых, для каго прымаліся змены ў Крымінальны кодэкс. Улічваючы нашыя стасункі з уладамі, нашую прынцыповую праваабарончую дзейнасць і крытыку, вырагоднасць таго, што ў гэтых спісах ёсць і нашыя прозвішчы была вельмі высокай.
Улічваючы сур’ёзнасць моманту, на адным з лецішчаў па-за Менскам на нараду сабралася Рада “Вясны”. Асноўным пытаннем парадку дня было адно – што нам рабіць: працягваць сваю дзейнасць ці спыніць і разбегчыся пакуль не позна. Гэты быў складаны жыццёвы выбар. Абмяркоўваліся варыянты пераходу на індывідуальны характар праваабарончай дзейнасці, калі дзейнасць будзе ажыцяўляцца ад уласнага імя, без прыкметаў арганізацыі. Але такі варыянт азначаў бы, што дзейнасць арганізацыі, згадкі пра яе фактычна зніклі б з публічнай прасторы. Ды і каго такім чынам мы збіраліся падмануць? Следчыя без праблем устанавілі б наяўнасць арганізацыі ў рэальнасці і сувязі паміж сябрамі арганізацыі ў межах яе дзейнасці.
У выніку доўгіх абмеркаванняў мы прыйшлі да даволі парадаксальнай і ірацыянальнай на першы погляд стратэгіі дзейнасці ў сітуацыі, што склалася. Заключалася яна ў тым, што, каб захаваць сваю свабоду і мінімізаваць пагрозы пераследу, мы павінны быць яшчэ больш заўважнымі і актыўнымі, у тым ліку на міжнародным узроўні. Балазе, сяброўства “Вясны” у Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) спрыяла гэтаму. Нашая прынцыповая і актыўная, заўважная дзейнасць павінна была стаць нашай ахоўнай карткай. Рызыкоўная стратэгія? Так, рызыкоўная. Але будучыня паказала, што мы мелі рацыю. Улады так і не наважыліся прымяніць да сяброў “Вясны” гэты артыкул. Хаця неаднаразова палохалі нас такой перспектывай, папярэджвалі і ківалі пальцам.
Памятую, як у 2007 годзе на адным з нацыянальных тэлеканалаў “Вясне” быў прысвечаны цэлы сюжэт. Журналісты БТ знялі звонку наш офіс, на фоне якога гаварылася, што тут размясціўся Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які дзейнічае без дзяржаўнай рэгістрацыі і пастаянна дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь на міжнародным узроўні. На фоне апошніх слоў былі прадэманстраваныя кадры з судовага працэсу па ліквідацыі ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна” у Вярхоўным судзе, на якіх былі я, Алесь Бяляцкі і Уладзь Лабковіч. Я асабіста ўспрыняў гэты рэпартаж як анонс на крымінальны пераслед, прычым адразу па двух новых артыкулах КК. На той момант колькасць асуджаных па гэтым артыкуле ўжо налічвала каля дзесятка чалавек. Прычым пяцёра з іх, Мікалай Астрэйка, Цімафей Дранчук, Аляксандр Шалайка, Эніра Браніцкая і Зміцер Дашкевіч, у 2006 годе былі асуджаныя на рэальныя тэрміны пазбаўлення волі – ад шасці месяцаў да двух гадоў калоніі. Астатнія, у асноўным актывісты "Маладаго фронту", былі асуджаныя да штрафаў.
Ці рыхтаваліся ўлады распачаць пераслед у дачыненні да мяне і маіх калег у той момант, мне невядома. Неўзабаве распачалася гэтак званая лібралізацыя. У 2009 годзе падчас сустрэчы праваабаронцаў з тагачаснай главой Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч у межах падрыхтоўкі справаздачы Беларусі да працэдураў Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН, апошняя заверыла нас у хуткай адмене крымінальнага арт. 193.1 і замене яго на адміністратыўны. Потым пра магчымую дэкрыміналізацыю дзейнасці незарэгістраваных арганізацый заяўлялі і некаторыя чыноўнікі Міністэрства юстыцыі.
Ад моманту тых заяваў да рэальнай адмены артыкула прайшло амаль дзесяць гадоў. Трэба сказаць, што беларуская грамадзянская супольнасць усе гэтыя гады не сядзела моўчкі, а як магла змагалася за адмену 193.1.
Змагалася як магла, як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях. У хуткім часе патрабаванне адмены 193.1 стала часткай праваабарончага парадку дня і ўтрымлівалася ва ўсіх міжнродных дакумента і рэзалюцыях па сітуацыі ў Беларусі, а асуджаныя да пазбаўлення волі былі абвешчаныя вязнямі сумлення міжнароднай арганізацыяй Amnesty international. Заключэнне аб неадпаведнасці артыкула 193.1 Канстытуцыі Беларусі і міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека зрабіла і Венецыянская камісія Савета Еўропы. Прычым зрабіла вельмі сваечасова, як раз у час перапынку ў судовых слуханнях па справе Алеся Бяляцкага ў лістападзе 2011 г. Сваечасова таму, што перапынак у судзе быў абвешчаны па хадайніцтву пракурора, які заўвіў яго для перапрад’яўлення абвінавачвання, якое будзе адрознівацца ад раней прад’яўленага. Перад гэтым пракурор вельмі падрабязна распытваўся ў Алеся пра дзейнасць “Вясны”, яе афіцыйны статус і прасіў далучыць да справы матэрыялы з Мінюста і Вярхоўнага суда, што датычыліся ліквідацыі і адмоваў у рэгістрацыі “Вясны”. Улічваючы, што на пачатку 2011 года Генеральнай пракуратурай Алесю ўжо выносілася пісьмовае папярэджанне па арт. 193.1, мы апасаліся, што ўлады вырашылі ўзмацніць абвінавачванне яшчэ адным артыкулам. Алеся асудзілі, але іншыя сябры арганізацыі засталіся на волі і працягнулі дзейнасць арганізацыі без услякай дзяржаўнай рэгістрацыі.
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый распачала цэлую кампанію СТОП 193.1. У межах яе рабілася шмат розных рэчаў: ад аналітыкі да мультфільмаў і перфомансаў на гэтую тэму. У межах кампаніі прадстаўнікі незарэгістраваных арганізацый публічна заяўлялі, што дзейнічаюць без дзяржаўнай рэгістрацыі. Такую публічную заяву ад імя сябраў Рады “Вясны” Алеся Бяляцкага, Уладзя Лабковіча зрабіў і я.
Аднак мая радасць ад дэкрыміналізацыі дзейнасці незарэгістраваных арганізацый азмрочаная тым, што ўлады Беларусі не адмовіліся ад самой ідэі забароны дзейнасці незарэгістраваных арганізацый і адказнасці за такую дзейнасць, няхай нават і адміністрацыйнай, няхай нават у выглядзе штрафаў. Усе дапушчальныя падставы для абмежавання свабоды асацыяцыяў сфармуляваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Караць людзей за іх грамадска-карысную дзейнасць, якая пераследуе цалкам легальныя мэты – парушэнне той самай свабоды асацыяцый. На ўсе выпадкі такога пераследу мы будем рэагаваць так жа актыўна і жорстка, як і на прымяненне арт. 193.1.
Але ўсё адно хачу павіншаваць сяброў-вясноўцаў з доўгачаканай, няхай і маленькай, але перамогай! Мы выстаялі і рушым наперад!
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў
Крыніца: Мы выстаялі!