Ксёндз Павел Кнурэк, грамадзянін Польшчы, праслужыў у віцебскай катэдры крыху больш за год. У лістападзе 2018 году ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск святар больш за 16 гадоў узначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён), распавядае "Віцебская Вясна".
Як расказваюць парафіяне, перад ад’ездам у Польшчу пробашч суцяшаў вернікаў. Казаў, што растанне часовае і што цягам некалькіх месяцаў пытанне можа вырашыцца і ён вернецца да паствы.
Але 13 студзеня пасля ўрачыстай імшы біскуп віцебскі Алег Буткевіч паведаміў парафіі, што ад Упаўнаважанага па справах релігій і нацыянальнасцяў прыйшла чарговая адмова на працягненне служэння ў Беларусі. “Без тлумачэнняў прычын. І цяпер ужо канчаткова”, – удакладніў біскуп Алег Буткевіч.
Біскуп прызнаўся, што вельмі расчараваны адмовай і заклікаў вернікаў маліцца ў інтэнцыі ўладаў, каб яны былі больш адкрытымі да каталіцкага Касьцёлу і ягоных патрэбаў.
Парафіяне абвясцілі збор подпісаў пад зваротам да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі з просьбай перагледзець рашэнне аб непрацягненні дазволу на служэнне ў Беларусі ксёндзу Паўлу Кнурэку і дазволіць яму вярнуцца ў сваю парафію. Просяць таксама патлумачыць, з якой прычыны было прынятае рашэнне аб забароне на яго служэнне ў нашай краіне.
За адзін дзень пад зваротам падпісалася каля 300 чалавек. Вернікі кажуць, што ў выпадку чарговай адмовы, будуць звяртацца ў Адміністрацыю прэзыдэнта.
“Рашэнне не працягнуць дазвол на служэнне ксёндза выклікае тым большае здзіўленне, што ў апошнія гады нашая дзяржава яскрава дэманструе адкрытасць свету. У 2018 годзе Указам Прэзыдэнта быў павялічаны тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны да 1 месяца. І зусім незразумела, як пры гэтым чалавек, які больш за 15 гадоў адпрацаваў у Беларусі на ніве духоўнага адраджэння нашай Айчыны, пазбаўляецца права знаходзіцца і служыць на яе тэрыторыі. Упэўненыя, што такія забароны шкодзяць іміджу ўсёй краіны”, – гаворыцца ў звароце да Гулякі.
Нагадаем, падчас перадкаляднай прэс-канфэрэнцыі біскуп віцебскі Алег Буткевіч звяртаў увагу на “пэўныя складанасці з запрашэннем святароў з замежжа, не толькі з Польшчы”. Казаў, што вакансіі святароў у Віцебскай дыяцэзіі пакуль немагчыма кампэнсаваць ксяндзамі-беларусамі. Паводле біскупа, на падрыхтоўчых курсах у духоўнай семінарыі навучаюцца зараз усяго два чалавекі з дыяцэзіі.
Паводле інфармацыі “Віцебскай Вясны”, за апошнія тры гады (2016–2018) улады не далі аніводнага дазволу на служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі замежнікам – каталіцкім святарам альбо манашкам.
Падобная сітуацыя склалася і ў Салігорску. Пробашчу мясцовага касцёла, польскаму святару-францішканіну, які 20 гадоў служыў у парафіі, забаранілі служыць у Беларусі.
Як паведамляе katolik.life, у рыма-каталіцкую парафію святога Францішка ў Салігорску прыйшла навіна аб забароне пробашчу айцу Сабеславу Тамале OFM, паляку, ажыццяўляць рэлігійную дзейнасць з 31 студзеня.
“Навіна ашаламіла многіх людзей. Прычына такога рашэння невядомая, яе проста не называюць. Зараз парафіяне таксама збіраюць подпісы пад зваротам у Савет Міністраў Беларусі да ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасці Леаніда Гулякі з просьбай аб падаўжэнні нясення пастырскага служэння ў парафіі для айца Сабеслава. Пад зваротам могуць падпісацца не толькі каталіцкія вернікі, а ўсе неабыякавыя паўналетнія добраахвотнікі. Бо салігорскі каталіцкі храм у хуткім часе можа застацца без пастыра”, — паведамляюць парафіяне.
Яны адзначаюць, што айцец Сабеслаў вельмі патрэбны парафіі. 20 гадоў ён служыць у Салігорску, удзельнічаў у будаўніцтве касцёла, шмат што ў храме зроблена яго рукамі.
Крыніца: У Беларусі забараняюць служыць ксяндзам-палякам. Вернікі супраць