16 студзеня ў папраўчай калоніі №4 г. Гомеля адкрылі спецыяльны інтэрнат для асуджаных жанчын з дзецьмі ва ўзросце да 3 гадоў. Пра тое, як праходзіла ўрачыстая цырымонія адкрыцця паведамляецца на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.
Заяўляецца, што ў новым інтэрнаце 15 пакояў на 20 месцаў для мамаў з дзецьмі забяспечаныя ўсім неабходным: столікамі для спавівання, камодамі, дзіцячымі ложкамі. Акрамя гэтага ёсць агульны гульнявы пакой з манежам, тэлевізарам, цацкамі, два пакоі гігіены, медкабінет і сталовая.
«Зроблена гэта для фарміравання матчыных пачуццяў, набыцця навыкаў уходу за дзецьмі і гатоўнасці несці адказнасць за дзіця», - адзначаецца на сайце МУС.
У калоніі таксама зрабілі ўчастак для ўтрымання асуджаных, якія не дасягнулі 18 гадоў. Пасля мадэрнізацыі і рамонту медыцынскай часткі ў абноўлены будынак пераехаў і філіял школы.
Падчас адкрыцця міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч адзначыў, што зроблена многае, і ў першую чаргу, дзеля дзяцей:
«Гэта вялікае ўкладанне грошай, і мы інвестуем у будучыню! Робіцца гэта для таго, каб вярнуць дзіця на светлы бок жыцця!»
Для тых жа, хто будзе вучыцца ў школе - непаўналетнія і дарослыя, якія не змаглі атрымаць базавую або сярэднюю адукацыю - і скончыць яе з залатым медалём, міністр паабяцаў «ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці замену пакарання».
Але ці так усё пазітыўна, як заяўляе МУС?
Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка лічыць, што не ўсе праблемы зняволеных жанчын і іх дзяцей вырашаюцца праз працу брыгады будаўнікоў і аддзелачнікаў:
«Давайце адразу вызначымся: у адпаведнасці з Правіламі ўнутранага распарадку, інтэрнатамі называюць жылыя памяшканні, у якіх утрымліваюцца зняволеныя. Гэта такая прыгожая назва для казармы, бараку, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя да пазбаўлення волі.
Так што плот і калючы дрот, вышкі і аўтаматчыкі нікуды не дзеліся, яны ўсё гэтак жа аддзяляюць асуджаных з дзецьмі ад волі. І да трох гадоў дзеці па-ранейшаму будуць расці і выхоўвацца ў калоніі - на «зоне», дзе жанчына пазбаўлена нават тых нешматлікіх прывілеяў, якія дзяржава надае маці.
Таму, калі МУС сцвярджае аб тым, што «каб у жанчын была магчымасць праводзіць час з дзецьмі ў новым будынку, неабходна іх жаданне», ведамства або хітруе, або дэманструе няведанне закона. Каб праводзіць час з дзіцём, асуджаная мама павінна спачатку адпрацаваць свае накладзеныя гадзіны - працоўны дзень на Дзяржаўным прадпрыемстве №4».
Праваабаронца падкрэслівае, што ніякіх трохгадовых «дэкрэтаў» асуджаным мамам не паложана: «бальнічны», які захоплівае да- і пасляродавы перыяд, складае па агульнаму правілу ўсяго 126 дзён (4 месяцы), а далей - прамысловая зона і зносіны з дзіцём у вольны ад працы час.
«А потым, калі дзіця адсвяткуе трохгоддзе, а маме застанецца больш за год да заканчэння тэрміну, дзіця паедзе да бабуляў і дзядуляў, а ў горшым выпадку - у дзіцячы дом. І калі сваякі потым змогуць прывозіць дзіця на спатканні, то дзіцячыя дамы сваіх выхаванцаў у калоніі дастаўляць не абавязаныя», - адзначае Павел Сапелка.
Па ранейшаму парадку, жанчыны бачылі сваіх дзяцей толькі паміж працай і сном.
«На фота МУС у новых пакоях не відаць ложкаў для мамаў: паклаўшы спаць сваіх дзяцей, ці не пойдуць яны назад у свой «інтэрнат»? - задаецца пытаннем праваабаронца.
Павел Сапелка упэўнены, што сумеснае пастаяннае пражыванне маці і дзіцяці было б сур'ёзным крокам па паляпшэнню і гуманізацыі становішча асуджаных. Аднак варта было б развіваць ідэі ўжо закладзеныя ў крымінальна-выканаўчае заканадаўства, якое дазваляе жанчынам, што маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, пражываць з дзіцём за межамі папраўчай установы, ездзіць да сваіх падрослых дзяцей з калоніі ў кароткатэрміновыя адпачынкі.
«Гэта на самай справе захоўвала б узаемную прыхільнасць, па-чалавечы было б правільным і зразумелым спосабам аховы інтарэсаў маці і дзіцяці», - кажа ён.
Па статыстыцы МУС за 2018 год у месцах пазбаўлення волі знаходзіцца 32,5 тыс. чалавек, каля 8% з іх складаюць жанчыны.