На сайце Фундацыі Дамоў правоў чалавека апублікаваны сумесны ліст з заклікам да міжнароднай супольнасці прыняць неадкладныя меры для абароны жыцця, здароўя і правоў зняволенага азербайджанскага фотажурналіста, відэаблогера і праваабаронцы Мехмана Гусейнава.
На дадзены момант ён адбывае двухгадовы тэрмін за абвінавачванне супрацоўнікаў праваахоўных органаў ва ўжыванні да яго катаванняў падчас затрымання 9 студзеня 2017 года. Тэрмін яго зняволення сканчаецца 2 сакавіка 2019 года. Нядаўна яму прад'явілі новыя абвінавачванні нібыта за напад на супрацоўніка турмы, у сувязі з чым 26 снежня 2018 года Мехман Гусейнаў абвясціў галадоўку.
Праваабаронцы лічаць, што падобныя дзеянні азербайджанскіх уладаў з'яўляюцца палітычна матываванымі і звязанымі з яго дзейнасцю па прасоўванні правоў чалавека і барацьбе з карупцыяй.
Праваабарончыя арганізацыі патрабуюць пераводу Мехмана ў грамадзянскую лякарню для правядзення незалежнага абследавання, аднаўлення яго права на спатканні са сваякамі і адвакатамі, а таксама допуск да яго прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці, зняцця з яго новых абвінавачванняў, вызвалення Мехмана з турмы не пазней заканчэння яго тэрміну.
Прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці таксама заклікаюць наведваць Мехмана Гусейнава ў турме для атрымання праўдзівай інфармацыі пра яго стан, выказваць публічную падтрымку палітвязню і выступаць супраць новых абвінавачванняў.
Ліст падпісала 41 праваабарончая арганізацыя з 13 Дамоў правоў чалавека, у іх ліку Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі ПЭН-цэнтр.
Крыніца: «Вясна» выступае супраць нарастальных рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцы з Азербайджана