Светлагорскі райвыканкам. Фота: Радыё Свабода. Цягам апошніх двух месяцаў светлагорскія ўлады10 разоў запар адмовілі жыхарам горада ў рэалізацыі іх канстытуцыйнага права на мірныя сходы. Нагодай правесці мітынгі сталі шкодныя выкіды метылмеркаптанаў з Завода беленай цэлюлозы, якія атручваюць навакольнае асяроддзе, жыхароў горада і вёскі Якімава Слабада.

Мясцовыя актывісты падавалі заяўкі на правядзенне ў горадзе масавых мерапрыемстваў на спецыяльна вызначанай для гэтых мэтаў пляцоўцы – стадыёне “Папернік”, аднак ніводная з іх не была задаволеная.

Для адмовы ўлады бессаромна выкарыстоўваюць прымітыўныя хітрыкі: яны паведамляюць заяўнікам, што на стадыёне ў гэты час запланаванае іншае мерапрыемства.

Вось напрыклад, заяўку на 29 верасня на правядзенне масавага мерапрыемства падаваў актывіст ініцыятыўнай групы па кантролю за працай завода беленай цэлюлозы (ЗБЦ) Анатоль Змітровіч.

“Ва ўказаны час - з 16.00 да 18.00 29 верасня - на стадыёне будзе праходзіць запланаванае раней мерапрыемства – Рэспубліканскае лёгкаатлетычнае спартыўна-масавае мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы». У сувязі з гэтым райвыканкам адмаўляе Вам у правядзенні масавага мерапрыемства", - паведаміў заяўніку намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама Канстанцін Пятроўскі.

Гэткім чынам адказалі заяўнікам і 6 кастрычніка. Аднак на гэты раз праваабаронца Алена Маслюкова давяла праз суд, што ў гэты дзень і менавіта ў той час, на які актывісты падавалі заяўку (каля 16 гадзін), на стадыёне нічога не адбывалася. У пацверджанне сваіх словаў Алена Маслюкова прадэманстравала ў судзе, які адбыўся 16 кастрычніка, відэа і фота з пустога стадыёна. Аднак суд папросту праігнараваў усе довады праваабаронцы.

Наступную адмову разглядаў суд Светлагорскага раёна 12 лістапада. І на гэты раз мясцовая феміда заплюшчыла вочы на самаўпраўства раённай улады.

Некалькі актывістаў і праваабаронца Алена Маслюкова вымушаныя былі звярнуцца са скаргаю на судовае рашэнне ў Гомельскі абласны суд, які прызначыў разгляд справы на 22 студзеня. Копія вызначэння аблсуда аб разглядзе справы ў апеляцыйным судзе накіраваная таксама і ў Светлагорскі райвыканкам.

“Пачынаецца другі этап змагання з рашэннямі Светлагорскага раённага выканаўчага камітэта па адмове ў правядзенні мітынгу 06.10.18 на стадыёне "Папяровік" па праблеме шкодных выкідаў ЗБЦ і парушэнні экалагічных правоў людзей”, - паведаміла Алена Маслюкова на сваёй старонцы ў фэйсбуку.  

Крыніца: З самаўпраўствам светлагорскіх уладаў будзе разбірацца абласны суд