Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае цыкл інтэрвію з выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы ILIA-By. Міхаіл Мацкевіч – выпускнік праекта BISH – прыйшоў у праваабарону з айцішнага асяродку; што праўда, грамадзкі актывізм заўсёды цікавіў яго болей, чым будучая прафесія.
«Мае курсавыя мадэлявалі працэсы распаўсюду забруджвальных рэчываў»
– Пасля гімназіі ў Стоўбцах я паступіў у Міжнародны дзяржаўны ўніверсітэт імя А.Д. Сахарава па спецыяльнасці «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў экалогіі» – атрымліваў айцішную адукацыю. Але гэты выбар быў няслушны, як я цяпер разумею. Ад пачатку навучання я болей займаўся студэнцкім актывізмам: узначальваў орган студэнцкага самакіравання – Гільдыю студэнтаў, арганізоўваў Дружыну аховы прыроды, мы ладзілі акцыі, сустрэчы з рэктарам, усталёўвалі велапаркоўкі – і шмат іншага. Недзе ў той самы час я стаў актыўным сябрам МПГ «Студэнцкая Рада»… Потым – мая першая сур’ёзная праца ў Цэнтры экалагічных рашэняў; там я займаўся пытаннямі забруджвання навакольнага асяроддзя; гэта па маёй спецыяльнасці: мае курсавыя былі аб мадэляванні працэсаў распаўсюду забруджвальных рэчываў.
– І вось на мой чацьвёрты курс прыйшоўся 2010 год.
– Я званіў сваякам; сваякі не разумелі, хто ім тэлефануе, мяне гналі, крычалі, або наадварот, плакалі ў слухаўку…
«Я чакаў, што будзе разгон»
– Калі я пайшоў на Плошчу, я мог прадбачыць, што мяне чакае. Я з цяжарнай жонкай даехаў са Стоўбцаў да Мінска; жонку абняў, пацалаваў, сам апрануўся ў цёплае, узяў пашпарт, крыху грошай і паехаў на Плошчу. Мы ішлі з сябрам – каб не так страшна было. Чакаў, што будзе разгон. Велізарная колькасць аўтобусаў з міліцыяй стаяла на вуліцы Мяснікова… У нейкі момант зразумелі, што ўжо ідзе захват. Нам вельмі пашанцавала – нас не затрымалі: мы праходзілі паўз Чырвоны касцёл, убачылі, як бяжыць рота «касманаўтаў», мы іх прапусцілі, зайшлі ў барчык «Пінта»… Там нехта выпіваў, не ведаючы, што адбываецца побач. А па тэлеку ў гэты час ішоў прамы эфір перадачы «Выбар» з Дарафеевым: і на экране – спрэс дубінкі міліцэйскія; нехта закрычаў: «Жыве Беларусь!», на што я не змог стрымацца: «Заткніся, ты што, глядзі, што адбываецца!»
«Назаўтра, 20 снежня, я рабіў свой першы ў жыцці судовы маніторынг»
– Мы выйшлі; убачылі, як пакуюць людзей у аўтазакі. Прыйшлі на Плошчу; яна ўжо была пустая. Падабралі бел-чырвона-белыя стужачкі, не ўбачылі ніякіх сякераў і ледарубаў… Назаўтра, ужо 20 снежня, я рабіў свой першы ў жыцці судовы маніторынг. Я, праўда, слаба разумеў, што гэта такое.
– Як я заняўся маріторынгам? Агулам, у гэтай сітуацыі я разумеў, што трэба нешта рабіць, а што менавіта – не ведаў. Таму я, яшчэ з бара, пазваніў свайму цяпер ужо былому босу Лене Танкачовай з Lawtrend, пытаюся: “Што рабіць?” Яна мне адказвае: “Я табе пазваню потым”, маўляў, пакуль што адсыпайся.
– І вось Лена мне тэлефануе назаўтра а 5 раніцы: «Едзь у Дом юстыцыі, рабі маніторынг». Што, што? Што рабіць? – пытаюся. «Пазначай усё, што палічыш вартым, запісвай прозвішча і імёны».
– У судзе сустрэў і Дзіму Чарных, і Лёшу Казлюка, і ўсіх астатніх, каго я ўжо ведаў з праваабароны. Мы цэлы дзень бегалі, шукалі людзей – хто дзе сядзіць, перадавалі ім бутэрброды, ваду. Я званіў сваякам; сваякі не разумелі, хто ім тэлефануе, мяне гналі, крычалі, або наадварот, плакалі ў слухаўку… А потым мы з калегай пайшлі на акцыю салідарнасці пад сцяну ізалятара. Было гэта, здаецца, 24 снежня.
«І тут нехта крыкнуў: «Жыве Беларусь!»
– Мы пры тым спазніліся на паўгадзіны да пачатку акцыі. Падыйшлі, узялі ў рукі свечкі… Тут нехта з-за сцяны ізалятара крыкнуў: «Дзякуй, людзі!» І яму ў адказ пракрычалі: «Жыве Беларусь!» І хутчэй за ўсё, была нейкая ўмова з міліцыяй, бо міліцыянт на гэты крык зрэагаваў: «Ну я ж вас папярэджваў…» Мы пачалі сыходзіць, бо зразумелі, што едзе міліцыя. Ідзем, а злева і справа людзей затрымліваюць. Пад’яжджае ўазік – у яго, а потым нас кідаюць у аўтобус – ну і ўсё. Выходныя ў ізалятары, потым – суд.
«Заходжу я з двума пакункамі ў хату, кідаю пакункі, кажу: «Палітычны прыйшоў!»
– Цяпер гэта расцэньваецца як дзіцячы лагер, цікавы такі досвед. Пра гэта смешна распавядаць! Ёсць нават кніжка, я чытаў як, калі яшчэ не адсідзеўшы; Дашкевіч, здаецца, пісаў: суткі не могуць зламаць чалавека. Памятаю свае адчуванні, калі я заходзіў у хату № 16… А ў галаве ж розныя фільмы накшталт «Бандыцкага Пецярбургу»: як назвацца, што рабіць, што не рабіць… Гэта ж турма!
– І я з двума пакункамі заходжу ў хату… А памятаю, што Салжаніцын пісаў: нібыта да палітычных іншае стаўленне. І я кідаю гэтыя пакеты, кажу: «Палітычны ў хату прыйшоў!» Усе ўсміхаюцца: «Ну сядай, тут месца ёсць, тут у нас усе «палітычныя». А я неяк і не зразумеў, што ўвесь ізалятар ужо забіты «палітычнымі». Наступныя суткі правёў побач з прафесарам філасофіі, рабочым Трактарнага завода і ахоўнікам.
«Да экзамена рыхтаваўся на нарах»
– Там я перажываў, што мяне выключаць з універсітэта. Але на шостыя суткі я атрымаў канспект па інфармацыйнай бяспецы, і гэта быў намёк на тое, што я яшчэ вучуся.
– А ў мяне ў камеры быў дырэктар айцішнай кампаніі, і ён мяне там кансультаваў па вучобе, без кампа. Алгарытмы пісалі ў сшытку: я пісаў, а ён правяраў. Да экзамена рыхтаваў на нарах.
– Выйшаў я і здаў экзамен на пяцёрку (па дзесяцібальнай сістэме – заўв. рэд.). Пры тым незразумела, чаму: адказ быў добры, усе заўважылі. Я і на дзясятку мог здаць; але я зразумеў, што гэта быў кампраміс: ні нашым, ні вашым.
– Увогуле мяне не выключылі з унверсітэта дзякуючы прынцыповай пазіцыі некалькіх чалавек – я іх не буду называць, яны дагэтуль там працуюць. І нават людзі з выкладчыцкага складу, з адміністрацыі мяне нефармальна падтрымлівалі.
– На той час рыхтык тыя, хто адсядзеў на сутках, пачалі прыходзіць на Ўправу БНФ па кампенсацыю: людзі сабралі для іх каля 50 00 даляраў. А мы (праваабаронцы з Lawtrend– заўв. рэд.) у гэты час іх апытвалі, запаўнялі анкету. Сабралі 302 анкеты. Потым гэтая апытанка лягла ў падмурак маніторынгавай справаздачы аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі падчас выбараў ў 2010 годзе. Гэта была вельмі вялікая праца.
«Правы чалавека я спазнаваў праз прызму каштоўнасцяў»
– Я меў вялікае жаданне актыўнічаць, я шмат чым займаўся: студэнцкім самакіраваннем, экалогіяй; я нават паляваў на браканьераў – па лесе бегаў; і вось у неадужалы студэнцкі мозг правы чалавека вельмі добра паклаліся.
– Перашкоды ў выглядзе юрыдычнай адукацыі ў мяне не было. Мне было ў гэтым сэнсе прасцей вучыцца, чым юрыстам: правы чалавека я спазнаваў хутчэй праз прызму каштоўнасцяў.
– Гэта ўжо потым – калі я пачаў пісаць звароты ў КПЧ ААН, спачатку для сябе, на ўмовы ўтрымання ў ізалятары, потым для іншых; гэта ўжо былі «маўклівыя акцыі», але ўжо пазней, улетку 2011 года, пачаў афармляць касацыйная скаргі – і дзякуючы калегам-юрыстам пачаў болей разумець, што правы чалавека – гэта яшчэ і галіна права. Я пачаў займацца і свабодай сходаў, і стандартамі правоў чалавека, і заўжды я павінен быў звяртацца да нейкай юрыдычнай крыніцы. Прага юрыдычных ведаў, чытанне рашэнняў і меркаванняў Камітэта па правах чалавека ААН, Еўрапейскага суда па правах чалавека падштурхоўвалі мяне падвучыць гэтую сферу. А ў Беларусі вельмі абмежаваны пералік месцаў, дзе можна навучыцца правам чалавека.
– І таму я пайшоў вучыцца на BISH. Бо болей не было дзе. Я падаўся; конкурс яшчэ быў нармальны… Праўда, уводная сэсія была для мяне вельмі нуднай – нічога новага за цэлы тыдзень.
– Потым, праўда, пачалося найцікавейшае: калі праграма кожнай сэсіі будавалася вакол пэўнага права. Былі сустрэчы з экспертамі, мы размаўлялі са шведамі, з сябрамі сакратарыята КПЧ, абмяркоўвалі механізмы і стандарты… Добра памятаю вельмі цікавую лекцыю Андрэя Бастунца – аб свабодзе слова; Алега Агеева… BISH даваў добрую базу ведаў, пасля чаго ты пачынаў арыентавацца ў канкрэтных рашэннях, ну і адпаведна ісці далей у правах чалавека не інтуітыўна, а з добрым разуменнем алгарытма.
«Не бачу сэнса засыпаць Камітэт аднатыповымі скаргамі»
– Але была яшчэ адна нагода, па якой я пайшоў на курс. Напэўна, адна з самых важных. На курсах па правах чалавека ў 2010 годзе нас вучылі: «Трэба скаргі падаваць, падавайце скаргі ў КПЧ ААН!» і вось пасля «маўклівых пратэстаў» у 2011 годзе я пачаў бегаць і збіраць кліентуру. У мяне было цэлых 16 справаў! – я нават картатэку вёў. Унутраныя спосабы абароны прайшоў, дзе сам, дзе з дапамогай калег; і прыйшоў час звяртацца ў КПЧ ААН. Сам я гэтага не ўмеў. Нібыта дамовіўся з калегамі, з трыма юрыстамі: «Будзем пісаць скаргі!»
– Мне тады здавалася, гэта – справа двух дзён. Але калегі ўсё ніяк не браліся за гэтыя справы, і ў пэўны момант я зразумеў, што мае кліенты адвальваюца: і яны ўжо не хочуць, і я не магу ім хутка адказаць… І гэта была адна з нагодаў – пайсці на курс, каб не юрыстаў прасіць, а самому навучыцца пісаць і афармляць скаргі ў КПЧ ААН.
– У выніку я стаў аўтарам трох скаргаў. Дзьве – зарэгістраваныя. Адзін зварот – па свабодзе сходаў і выяўленню меркавання, кейс з Наваполацка на сем старонак; а другі – мая справа, там я ўжо распісаўся: артыкулы 7, 9, 10, 14, 19, 21 (Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах – заўв. рэд.).
– І потым, на курсе, я раптам зразумеў: я кучу часу патраціў на механізм, які… агулам, не для таго існуе! Шмат спрачаліся на курсе аб гэтым, бо я не вельмі падтрымліваю стратэгію завальваць Камітэт па правах чалавека скаргамі, асабліва аднатыпнымі па артыкулах 19, 21 – я не бачу ў гэтым ніякага сэнсу. А вось знаходзіць кейсы па тых атрыкулах Пакта, якія не так распаўсюджаныя – напрыклад, дыскрымінацыя, 14 артыкул – адзін з тых артыкулаў, які найцяжэй абгрунтаваць; па 7 артыкуле, па 9 – па тых артыкулах, якія могуць змяніць практыку Беларусі, падняць дыскусію або зрабіць бясплатную юрыдычную экспертызу, якая рана ці позна можа стаць аргументам у палеміцы, прывесці да зменаў – гэта так, гэта мае сэнс.
– Як толькі я пачаў працаваць у Офісе па правах людзей з інваліднасцю, я зразумеў, што мне трэба вывучыць практыку Камітэта па правах людзей з інваліднасцю, каб удакладніць разуменне кожнага з правоў.
«Правы людзей з інваліднасцю – гэта правы чалавека»
Міхал Мацкевіч нават крыху здзіўляецца пытанню, чаму ён абраў працаваць з правамі людзей з інваліднасцю:
– Па-першае, я падзяляю прынцып універсальнасці правоў чалавека. І ў гэтым сэнсе правы людзей з інваліднасцю – гэта правы чалавека. Па-другое, ратыфікацыя Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю адкрывае пэўнае акно магчымасцяў: раз на два-тры гады, калі заканадаўства Беларусі мяняецца. І яно мяняецца проста цяпер. Офіс удзельнічае ў рабочай групе па распрацоўцы законапраекта аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай рэабілітацыі.
– Так, мы прапануем, выступаем, спрачаемся, нашыя прапановы ўключаюцца ў дакумент. Вынік, праўда, крыху адрозніваецца ад таго, што гучала падчас абмеркаванняў рабочай групы.
– Ёсць нядрэнныя рэчы: з’яўляюцца вызначэнні некаторых тэрмінаў, якіх не было раней, вызначаецца інструментарый: хутчэй за ўсё, хутка ў кожным раёне Беларусі з’явяцца саветы, якія кантралююць выкананне Канвенцыі. У новым законапраекце з’яўляецца згадка аб дыскрымінацыі.
«Ёсць нейкі ўмоўны інвалід, якому трэба зрабіць дабро»
– Пакуль што я б не ўскладаў усе спадзевы на гэтыя змены: існая сістэма вельмі моцна падладжаная пад старое перакананне, што інваліды – гэта «государевы люди». У чым сэнс гэтага выказвання? Ёсць інваліды – ёсць фінансаванне. Фінансаванне ідзе да чалавека – адпаведна, яно ідзе да дзяржаўнай установы, якая дапамагае яму. Таму чалавек, якому патрэбныя разумныя прыстасаванні – напрыклад, трымальнікі на ванну, боты, вазок, акуляры, адмысловы смартфон – яму дзяржаўныя арганізацыі будуць прапаноўваць такія мадэлі, якія зусім не абавязкова пасавацьмуць. Дадуць, што самі палічаць патрэбным, – а не грошы, каб ён купіў сам, што яму спатрэбіцца. Вакол гэтага будуецца ўся структура дзяржаўнага кіравання: створаныя працоўныя месцы, выдзяляецца бюджэт. У гэтай сістэме часткова і ляжыць корань усіх праблем.
– У нас чалавека з інваліднасцю успрымаюць як аб’ект, а не як суб’екта, раўнапраўнага партнёра ў вызначэнні шляхоў рэабілітацыі. Ёсць нейкі ўмоўны інвалід, якому трэба «прычыніць дабро». І яго жаданні, перавагі могуць не ўлічваць. Як мы можам, напрыклад, вырашыць пытанне з мабільнасцю чалавека?
«У Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю не напісана, што кожнаму трэба даць машыну, каб ён мог ездзіць у бар»
– Напрыклад, ёсць некалькі шляхоў забяспечыць мабільнасць чалавека. Можна думаць аб безбар’ерным асяродку: пачаць ляпіць пандусы, ліфты – то бок прыстаўляць мыліцы да ўжо гатовай інфраструктуры. Можна не паўтараць памылак падчас праектавання, а кіравацца ўніверсальным дызайнам і загадзя думаць пра ўсе катэгорыі людзей. Можна стварыць паслугу сацыяльнага таксі. Дарэчы, у Беларусі яна недзе ёсць, недзе няма; у адных раёнах бясплатная, у іншых – платная; некаторыя таксі працуюць з 8 да 17, так што кудысці з’ездзіць увечары чалавеку з інваліднасцю не атрымаецца: у тэатр, бар або ў госці… Чацьверты шлях: можам выдаць чалавеку аўтамабіль. Была такая практыка раней, выдавалі «Аку». Калі ў дзяржавы няма грошай на аўтамабіль – чаму б не даць крэдыт без адсодткаў; чаму не?
– Мэта ўсяго гэтага – стварыць людзям з інваліднасцю роўныя ўмовы з астатнімі. І што ў нас робіць дзяржава? Дзяржава кажа наступнае: мы ведаем, як лепей; трымай… Менавіта таму адзін з артыкулаў Канвенцыі – павышэнне правасуб’ектнасці, калі чалавек з інваліднасцю робіцца паўнавартасным чалавекам; калі ён сам вырашае, якая дапамога яму патрэбная – яму лепш ведаць. Як дзяржава будзе гэта рабіць – ужо неістотна, проста пытанне метадаў. У Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю не напісана, што кожнаму трэба даць машыну, каб ён мог з’ездзіць у бар – напісана, што дзяржава павінна забяспечыць мабільнасць.
– Так было раней. А цяпер Канвенцыя – частка нацыянальнага права Беларусі, і з міласці дзяржавы гэта ператварылася ў права чалавека. Кропка!
«Эксперт прыяжджаў і казаў, што людзям рабіць. Прамаўляў крута, прафесійна – але гэта забывалася на наступны дзень»
– І вось да пытання, чым я займаюся. Канвенцыя кажа, што рэалізацыя правоў і свабодаў людзей з інваліднасцю магчымая ў першую чаргу ў мясцовай супольнасці. Сярод людзей, якія побач; сярод дзяржаўных органаў, якія побач, і тых людзей, якія дапамагагаюць або з ім працуюць. Я – каардынатар кампаніі “Павестка 50”. Мы ў пяці пілотных тэрыторыях распрацоўвалі, а ў трох з пяці гарадоў ужо падпісалі пілотныя мясцовыя павесткі імплементацыі Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю. Па сваёй сутнасці яны падобрыя да мясцовых павесткак устойлівага развіцця, але ў нас прынцыпова іншы падыход: у нас самі людзі з інваліднасцю, сацыяльныя работнікі, дзяржаўныя органы, зацікаўленыя асобы, атачэнне людзей з інваліднасцю распрацоўвалі гэтыя мясцовыя павесткі. Мабыць, павесткі атрымаліся не такімі прафесійнымі, але яны – мясцовыя. Заснаваныя на сілах людзей, якія там жывуць, і на іх планах. У адрозненне ад таго, што адбывалася з падобнымі павесткамі з іншых сфер, калі нейкі эксперт прыяжджаў і казаў, што трэба рабіць. Прамаўляў крута, прафесійна – але гэта было не іх і забывалася на наступны дзень. Не факт, што з нашымі павесткамі гэтаксама не будзе. Але мы мяркуем, што “засвоіць” нешта магчыма толькі ў тым выпадку, калі сам у гэта ўклаўся. Пакуль што я бачу па рэакцыі людзей, што гэта – слушны шлях.
«Суд павінен сказаць: грамадства, выбачай, але мы тут усе роўныя»
У тым, што цяпер сустракаюцца выпадкі, калі суседзі збіраюць подпісы не за ўсталяванне пандуса, а супраць, Міхал Мацкевіч не бачыць праблемы і мяркуе, што з грамадствам нічога не трэба рабіць:
– Грамадства падладзіцца, калі запрацуюць юрыдычныя механізмы. «Як ставіць пандус» – гэта пытанне архітэктара. Гэта ён павінен зрабіць так, каб усім было зручна. Калі гэта адпавядае тэхнічным рэгламентам – то грамадства не будзе пратэставаць. У гэтым выпадку, калі жыхары аднога пад’езда пачынаюць супрацьдзейнічаць – дзяржава павінна станавіцца на абарону правоў. Суд павінен сказаць: «Грамадства, выбачай, але мы ўсе тут роўныя».
– Напрыклад, мы вельмі часта сустракаем скаргі на безбар’ерку, ідзем у суд. Суды пакуль што не становяцца на наш бок. Ёсць толькі асобныя справы, дзе ў пастанове суда наўпрост названыя парушэнні: няма пандуса, няма спецыяльнага парковачнага месца, няма тактыльнай пліткі…
– І мясцовая адміністрацыя сама не вельмі разумее, навошта гэта трэба. Адказвае: «Ну ладна, у наступным годзе закладзем у бюджэт…» Да падпісання Канвенцыі пытанне ўсталявання пандуса, перадачы нейкага сродка прыстасавання, аказання рэабілітацыі – гэта было задачай дзяржавы, нейкім актам міласэрнасці з із боку. «Хочам ствараць законы, якія памяншаюць правы людзей з інваліднасцю, – можам! Нас ніхто не абавязвае”. Так было раней. А цяпер Канвенцыя – частка нацыянальнага права Беларусі, і з міласці дзяржавы гэта ператварылася ў права чалавека. Кропка!
«Доўгія гады лабіявання гэтага дакумента. Не проста так дзяржава стала прагрэсіўнай»
– Чаму дзяржава ратыфікавала Канвенцыю?
– На мой погляд, гэта, па-першае, праца Офіса па правах людзей з інваліднасцю і яго дырэктара Сяргея Драздоўскага; гэта дваццацігадовая праца асацыяцый людзей з інваліднасцю. Варта прызнаць і працу Санакі Самарасінхі – папярэдняга каардынатара ААН у Беларусі.
– Я яшчэ думаю: адыграла ролю тое, што Аляксандар Рыгоравіч ехаў у Нью-Ёрк, і трэба было ехаць з нечым прыгожым, таму так супала. Але гэта хутчэй нагода. Насамрэч – дапамаглі доўгія і доўгія гады лабіявання гэтага дакумента. Не проста так раптам дзяржава стала прагрэсіўнай.
– Але адна справа, калі Канвенцыя падпісаная, і зусім іншая – як яна будзе выконвацца.
– Напрыклад, ёсць такі сацыяльны падыход: інваліды бедныя, няшчасныя, і за імі варта прыглядаць; давайце завалім іх падарункамі… А падыход, заснаваны на правах чалавека, – гэта павышэнне прававой суб’ектнасці і разгляд інваліда як суб’екта дачыненняў. Працаўладкаванне, увогуле праца – адзін з галоўных прадметаў сацыялізацыі і рэабілітацыі ў тым ліку.
– Убачыць не інваліда, аб’ект тваёй міласэрнасці, якому трэба зрабіць дабро, – а чалавека, які можа сам прымаць рашэнні, сам можа распараджацца сваім жыццём.
– Вось тут і бачны адваротны бок медаля: гэтая міласэрнасць з боку грамадства фармуе пазіцыю ўтрыманцаў. Чалавек з інваліднасцю заўжды пастаўлены ў сітуацыю, у якой яму трэба прасіць. Ён просіць гуманітарку, вазок, грошай… І гэта вельмі памяншае яго суб’ектнасць. І калі яму прапануюць працаўладкавацца, ён кажа: «А мне гэта не трэба». Асабліва, калі ў яго рэгіёне 300 рублёў – гэта добры заробак, то пры першай групе інваліднасці 280 рублёў пенсіі яго цалкам задавальняюць. А каштоўнасці таго, што тыбудзеш працаваць і сацыялізавацца – гэтага няма пакуль.
– З іншага боку, многія людзі з інваліднасцю знаходзяцца на мяжы выжывання, і калі вакол няма тых, хто дапамагае ім, то зусім цяжка. Калі ж калавек дзень у дзень намагаецца выжыць, то яму часцяком не да раўнапраўя і суб’ектнасці.
– Грамадству, мне здаецца, не трэба зусім забывацца на міласэрнасць, пра салідарнасць і пра дамапогу людзям ,якія маюць у ёц патрэбу – але ў той жа час бачыць у людзях раўнапраўнага, роўнага табе.
– Па-першае, трэба ўбачыць гэтых людзей. Для мяне было вялікім адкрыццём, калі я пачаў працаваць, а потым раптам убачыў, колькі людзей навокал мяне з інваліднасцю. У мяне дзядуля з інваліднасцю: колькі сябе памятаю, ён заўжды быў без нагі. Ён прайшоў вайну без баявых раненняў, Ордэн Чырвонай зоркі, Ордэн Айчыннай вайны другой ступені, медаль за адвагу – зайшоў у сарай і наступіў на іржавы цвік; нагу адрэзалі. Сусед па вуліцы з сіндромам Даўна, цёця, дзядзька, калегі…
– Вельмі шмат людзей, якіх ты бачыш навокал – але не бачыш праблему агулам. Трэба адыйсці на адлегласць, каб убачыць гэтых людзей.
– Убачыць не інваліда, аб’ект тваёй міласэрнасці, якому трэба зрабіць дабро, – а чалавека, які можа сам прымаць рашэнні, сам можа распараджацца сваім жыццём.
Размаўляла Яўгенія Стрыжак
для Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Крыніца: Міхаіл Мацкевіч: «Трэба ўбачыць не аб’ект тваёй міласэрнасці – а чалавека»