Пётр Кучура, які адбывае пакаранне ў ПК-15 г. Магілёва, быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання пасля таго як ужо быў пазбаўлены доўгатэрміновага ў канцы мінулага года.
Як паведаміла Беларускаму дакументацыйнаму цэнтру Людміла Кучура, жонка Пятра Кучуры, 8 студзеня ён паведаміў ёй па тэлефоне, што іх кароткатэрміновае спатканне, прызначанае на 9 студзеня, адмяняецца. Ён патлумачыў, што яму была зачытаная пастанова, на падставе якой ён быў пазбаўлены спаткання за тое, што ўжываў нецэнзурныя словы ў тэлефоннай размове з сынам 4 студзеня.
Даведаўшыся гэта, яна прыйшла на прыём у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь у той жа дзень і прадэманстравала афіцэру, што праводзіў прыём грамадзянаў, аўдыёзапіс размовы Пятра Кучуры з сынам, у якой ніякіх нецэнзурных слоў не было. Пасля гэтага яе папрасілі выйсці, нібыта, каб выклікаць кагосьці з намеснікаў начальніка ДВП.
Праз паўгадзіны прыйшоў намеснік начальніка ўпраўлення па аператыўна-рэжымнай працы А.С.Краўцоў. Людміле Кучура ён паведаміў, што, аказваецца, муж быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання за тое, што адмовіўся прыбіраць камеру ў ШІЗА. Але, як лічыць Людміла, муж ніколі не стаў бы парушаць Правілы ўнутранага распарадку ПУ, так як вельмі спадзяваўся на кароткае спатканне, таму што раней быў пазбаўлены доўгага.
Пагаварыўшы па тэлефоне з мужам 10 студзеня, яна яшчэ раз пераканалася, што ў пастанове, якую яму зачытвалі (што з'яўляецца парушэннем, паколькі з ёй павінны былі азнаёміць пад роспіс і ўзяць пісьмовае тлумачэнне) ішла гаворка аб накладанні спагнання за ўжыванне нецэнзурных слоў, а таксама у тым, што ніякіх пытанняў па ўборцы камеры ў яго не ўзнікала.
Людміла Кучура лічыць, што, даведаўшыся пра тое, што ў яе ёсць аўдыёзапіс тэлефоннай размовы, прадстаўнікі кіраўніцтва ДВП звязаліся з кіраўніцтвам калоніі і змянілі фармулёўку:
«Усё, што яны могуць у такой сітуацыі, - гэта хлусіць. Я не выключаю, што першую пастанову не паказалі, таму што подпіс мужа пад ёй мог быць падроблены (падобнае не так даўно адбылося з Уладзіславам Казакевічам)».
Паводле яе слоў, падобная сітуацыя склалася з лістамі мужа з калоніі, якія некалькі разоў знішчаліся яе адміністрацыяй на падставе таго, што яны носяць цынічны характар і ўтрымліваюць жаргонныя выразы, прытым ніякіх доказаў гэтаму прадстаўлена не было.