Праваабарончы цэнтр "Вясна" абвяшчае конкурс мастацкіх работ зняволеных папраўчых устаноў і іншых месцаў несвабоды.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца зняволеныя папраўчых устаноў і іншых месцаў несвабоды - ЛПП, устаноў адукацыі і аховы здароўя закрытага тыпу.
Конкурс мае выключна некамерцыйны характар выкарыстання перададзеных работ; перададзеныя работы аўтарам, як правіла*, не вяртаюцца.
Конкурс праводзіцца ў некалькі этапаў:
- 14 студзеня 2019 года - абвяшчэнне конкурсу;
- да 2 красавіка 2019 году - збор працаў на конкурс;
- 15 красавіка 2019 году - адкрыццё выставы перададзеных работ і абвяшчэнне пераможцы конкурсу.
Работы будуць выстаўленыя з 15 красавіка 2019 года на працягу як мінімум аднаго месяца ў памяшканні кансультацыйна-інфармацыйнай установы па папулярызацыі прававой культуры «Тэрыторыя правоў»; выстава будзе адкрыта для бясплатнага наведвання. У далейшым работы, якія паступілі на конкурс, будуць выкарыстаныя ў выставах, арганізатарам або суарганізатарам якіх будзе з'яўляцца ПЦ "Вясна" на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за мяжой.
Працы могуць быць выкананы ў любой тэхніцы выяўленчага мастацтва, у любым памеры і па любой тэматыцы.
Да прац можа прыкладацца тлумачальны тэкст ці тэкст-разважанне, або гісторыя аўтара.
Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца творы, якія парушаюць нормы маралі або права, якія распальваюць нянавісць або варожасць па якой-небудзь прыкмеце, а таксама заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў.
Пераможцаў конкурсу вызначае журы. Тром пераможцам прысуджаюцца два прызы па 100 рублёў і галоўны прыз - 200 рублёў.
Прызы пералічваюцца на рахунак пераможцаў паштовым пераводам.
*Са згоды арганізатара, на конкурс можа быць перададзена праца на ўмовах зваротнасці