Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 10 студзеня заявіла Свабодзе, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі мусяць адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 году, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — не пазней за 6 верасня 2020 году. Розніца — усяго адзін тыдзень.
«У беларускім заканадаўстве існуе толькі тэрмін „не пазьней за“. Гэта значыць, праводзіць выбары пазьней за гэтыя даты нельга. А раней можна. А вось наколькі раней, у заканадаўстве не прапісана», — тлумачыць старшыня ЦВК.
Сёння Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе назваў сёлетні год «перадвыбарным».
«Шмат пра гэта гаворыцца і пра тое, што гэта перадвыбарны год — гэта сапраўды так. У нас дастаткова пытанняў, якія трэба вырашаць лепей, чым яны вырашаюцца цяпер», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Калі Лукашэнка называе 2019 год перадвыбарным, ці магчыма, што абедзве выбарчыя кампаніі пройдуць у 2020 годзе? На гэтае пытанне Лідзія Ярмошына адказала:
«Можа, так, а мо і не. Дапускаю, што адны выбары могуць адбыцца ў канцы гэтага году, а другія ў 2020-м. Я па-ранейшаму лічу, што дзве выбарчыя кампаніі трэба развесці па розных гадах. Але паколькі Цэнтральная выбарчая камісія не прызначае выбары, то вырашаць усё будуць кіраўнік дзяржавы і парламент. Думаю, што ўсё стане вядома ў красавіку, калі прэзідэнт выступіць з традыцыйным пасланнем да народу і парламенту».
Паводле Ярмошынай, супрацоўнікі ЦВК цяпер рыхтуюць пакеты дакументаў на абедзве выбарчыя кампаніі, незалежна ад таго, якая стане першай.
Папярэднія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі 11 кастрычніка 2015 году, апошнія парламенцкія — 11 верасня 2016 году. Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў, дэпутаты — на чатыры.
Крыніца: Ярмошына назвала магчымыя даты прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў