Мы павінны рабіць усё, каб кожны чалавек з інваліднасцю мог самастойна кіраваць сваім жыццём, што, на жаль, пакуль у нашым грамадстве атрымліваецца далёка не ўва ўсіх. Частка гэтай праблемы – існаванне дзяржаўнай сістэмы дапамогі, якая ўключае ў сябе інтэрнаты. Мы лічым усю гэтую сістэму неперспектыўнай і будзем прыкладаць усе намаганні, каб ад інтэрнатнай сістэмы перайсці да дапамогі ў мясцовых супольнасцях. Кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі
Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы” у прававым лікбезе ад “Вясны” распавядаем пра правы людзей з інваліднасцю.
Ці можна называць інвалідаў інвалідамі? Сёння існуе шмат вызначэнняў, якімі спрабуюць называць людзей з інваліднасцю. Адзін з самых распаўсюджаных – “інвалід”. Вызначэнне, якое ўжываецца ў Рэспубліцы Беларусь і ўстаноўленае заканадаўствам, адпавядае значэнню, прынятаму Канвенцыяй па правах інвалідаў (ААН, 2006):
Аднак эксперт Сяргей Драздоўскі адзначае, што ў момант ратыфікацыі Канвенцыі варта было б укараніць карэктную назву - "чалавек з інваліднасцю", як на гэтым настойвалі арганізацыі, якія прадстаўляюць інтарэсы такіх людзей. |
Якое больш карэктнае вызначэнне існуе для людзей з інваліднасцю? Традыцыйна слова “інвалід” выкарыстоўваецца і ва ўжытку, і ў вызначэнні асаблівага статусу чалавека. І ў гэтым крыецца пэўная ўразлівасць выкарыстання гэтага паняцця, за якім губляецца бачанне чалавека як асобы. Выраз, які досыць шырока ўжываецца, “людзі з абмежаванымі магчымасцямі” больш паліткарэктны, але занадта нявызначаны для яго выкарыстання і ахоплівае літаральна ўсіх людзей, бо не існуе чалавека з бязмежнымі магчымасцямі. Офіс па правах людзей з інваліднасцю падзяляе і адстойвае разуменне праблемы інваліднасці ў духу Канвенцыі аб правах інвалідаў як пытання павагі і захавання правоў чалавека. І таму праваабаронцы падтрымліваюцца меркаванне, што найбольш прыдатным з'яўляецца вызначэнне – “людзі з інваліднасцю” і “чалавек з інваліднасцю”, у якім на першым месцы стаіць менавіта чалавек, а ўжо потым - яго досыць канкрэтна вызначаная якасць абмежаванасці ў сувязі з інстытуцыянальнымі бар'ерамі, бар'ерамі ў адносінах або навакольнай абстаноўцы, якія перашкаджаюць ўдзелу ў жыцці грамадства. |
Чаго дамагаюцца людзі з інваліднасцю ў Беларусі? У Беларусі 500 000 людзей з інваліднасцю, але заўважыць іх на вуліцы вельмі складана. Амаль татальная недаступнасць, небяспека перамяшчэння, грамадскія стэрэатыпы, бяздзейнасці ўладаў – усё гэта сапраўды «абмяжоўвае магчымасці» людзей з інваліднасцю. Таму актыўныя людзі арганізуюць акцыі і мерапрыемствы, каб зрабіць праблему няроўнасці ў правах заўважнай для грамадства. |
Што такое Канвенцыя па правах інвалідаў? Канвецыя па правах інвалідаў – міжнародны дакумент, які быў прыняты Генеральнай Асамблеяй 13 снежня 2006 года з мэтай заахвочвання, абароны і забеспячэння поўнага і роўнага ажыццяўлення ўсімі інвалідамі ўсіх правоў чалавека і асноўных свабодаў, а таксама заахвочвання павагі вартасці, якая ім ўласціва. Тыя краіны, якія далучаюцца да Канвенцыі, бяруць на сябе абавязак па яе выкананню: “забяспечваць і заахвочваць поўную рэалізацыю ўсіх правоў чалавека і асноўных свабодаў усімі інвалідамі без якой бы там ні было дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці”. Канвенцыя па правах інвалідаў была ратыфікаваная Беларуссю толькі 3 кастрычніка 2016 года.
Праваабаронца асцерагаецца, што без удзелу саміх людзей з інваліднасцю ў прыняцці рашэнняў нават ратыфікацыя дакумента можа несці больш дэкларатыўны, чым дзейсны характар. |
Што такое этыкет інваліднасці? Этыкет інваліднасці дапамагае пераадольваць бар’еры, што часта ўзнікаюць пры зносінах з людзьмі, якія маюць разнастайныя абмежаванні, у розных сітуацыях: на працы, у побыце, у транспарце, у сферы паслуг. |
Якія ёсць асноўныя правілы? Асноўныя правілы наступныя:
І галоўнае: самі людзі з інваліднасцю – найлепшыя суддзі ў дачыненні да таго, што яны могуць або не могуць рабіць. Таму не прымайце за іх рашэння аб удзеле ў якой-небудзь дзейнасці. Людзі з інваліднасцю – гэта людзі са сваімі сем’ямі, працай, захапленнямі, густамі, праблемамі і радасцямі. Хоць інваліднасць – гэта неад’емная частка таго, кім яны з’яўляюцца, не яна адна вызначае іх індывідуальнасць. Не рабіце з іх герояў ці ахвяраў. Стаўцеся да іх як да асобаў, якія паўнапраўна і паўнавартасна жывуць у нашым грамадстве. Чытайце падрабязнасці ў брашуры “Этыкет інваліднасці”, які адаптаваў Офіс па правах людзей з інваліднасцю на аснове публікацый няўрадавай арганізацыі “United Spinal Assosiation” (ЗША). |
Чым адрозніваюцца медыцынская і сацыяльная мадэлі інваліднасці? Уяўленне пра сацыяльнае ўключэнне і выключэнне паўстала ў межах сацыяльнай мадэлі інваліднасці, якая паступова прыходзіць на змену ранейшай, медыцынскай мадэлі. На постсавецкай прасторы гэты пераход усё ячшэ адбываецца. Не заклікайце апекаваць, патрабуйце ствараць магчымасці! Медыцынская мадэль разглядае чалавека з інваліднасцю як “хворы арганізм”. Задача дзяржавы ў межах такой мадэлі – забяспечыць патрэбы арганізма, дапамагаць падтрымліваць жыццё і ствараць умовы для лячэння. Сацыяльная мадэль бачыць у чалавеку з інваліднасцю перш за ўсё чалавека, з усёй разнастайнасцю патрэбаў. І задачы дзяржавы, адпаведна, мяняюцца. Цяпер становіцца важным стварыць асяродак, у якім людзі могуць рэалізаваць свае патрэбы. І тады ў цэнтры ўвагі аказваецца не памер дапамогі па інваліднасці, а магчымасць навучання і працаўладкавання, не матэрыяльная забяспечанасць школ-інтэрнатаў, а ўмовы для інклюзіўнай адукацыі ў звычайных школах. |
Што можа зрабіць кожны і кожная з нас? Любы жадаючы можна, па-першае, пачаць цікавіцца праблемамі людзей з інваліднасцю і далучацца да актыўных дзеянняў. Кожны год у Беларусі ў траўні праходзіць "Тыдзень даступнасці", а таксама розныя дыскусіі, круглыя сталы, вулічныя акцыі і іншыя мерапрыемствы. |
Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасць, Прынцыпы правоў чалавека, Салідарнасць, Недыскрымінацыю, Абмежаванні, Свабоду ад катаванняў, Права на жыццё, Смяротнае пакаранне ў Беларусі, Вяршэнства права, Прыватнасць, Свабоду сумлення і веравызнання, Свабоду выказвання меркавання, Свабоду і асабістую недатыкальнасць, Свабода мірных сходаў і асацыяцый, Правы чалавека і абавязкі, Талерантнасць.
Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.