Упраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама зачапілі выказванні праваабаронцы Барыса Бухеля аб парушэнні правоў палітвязня Міхаіла Жамчужнага.
Mspring.online паведамляе, што сябрам абласной ГНК разаслалі ліст начальніка Упраўлення юстыцыі Аляксандра Маймусава, у якім той выказаў незадаволенасць паводзінамі сакратара камісіі Барыса Бухеля.
Маймусаў выказаў прэтэнзію, што праваабаронца распавёў пра парушэнне правоў беларускага палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў горацкай папраўчай калоніі №9.
«На наступны дзень пасля наведвання папраўчай установы ПК №9 на інтэрнэт сайце … арганізацыі Праваабарончы цэнтр “Вясна” spring96.org была размешчана інфармацыя пра наведванне грамадскімі назіральнымі камісіямі папраўчай установы ПК №9 з асобнымі цытатамі Бухеля Б.Л., якія не адпавядалі думке астатніх прадстаўнікоў назіральных камісій», – пазначана ў лісце Маймусава.
Барыс Бухель наведаў горацкую ПК №9 у сакавіку 2018 году разам са старшынёй абласной ГНК Таццянай Казлоўскай. Акрамя іх, у калонію прыбылі таксама прадстаўнікі Рэспубліканскай ГНК разам са сваім старшынёй Таццянай Краўчанкай. Пазней яна заявіла, што ніякіх парушэнняў у горацкай ПК № 9 яна і яе калегі не выявілі. На семінары 6 снежня ў Мінюсце ў прысутнасці прадстаўнікоў Савета Еўропы і некалькіх паслоў краін Еўрасаюза Краўчанка фактычна назвала палітвязня Міхаіла Жамчужнага скаржнікам. Таксама яна схлусіла, што асабіста размаўляла з ім.
У сваю чаргу, Бухель заявіў аб тым, што нікому з членаў абедзвюх ГНК не далі ўбачыць палітвязня, які рэгулярна адчувае прэсінг з боку адміністрацыі калоніі.
Мабыць, гэта не спадабалася Аляксандру Маймусаву: ён заявіў, што сябру назіральнай камісіі «некарэктна фармуляваць тэксты свайго выступу на сайце да фарміравання меркавання ўсіх сябраў назіральных камісій».
Маймусаў ў лісце таксама ўказаў, што ў «выпадку прадстаўлення сродкам масавай інфармацыі заведама непраўдзівых звестак» сябра ГНК можа быць з яе выключаны.
Бухель ліст назваў рэакцыяй на ўсё і адразу:
– Гэта рэфлексія па выніках года, я думаю. І на мой выступ на семінары ў Міністэрстве юстыцыі, і на тое, як шчыльна мы спрабуем працаваць з кейсам Міхаіла Жамчужнага.Відавочна, што гэта намёк уладаў, каб я паводзіў сябе як ім трэба. Вядома, ім не падабаецца, калі кажуць нязручную праўду, – канстатаваў Бухель.
Праваабаронца звярнуў увагу на тое, што ён нічога не парушыў:
– Калі б я даў ілжывую інфармацыю, думаю, рэакцыя была б неадкладнай. Але ўсё, што мне ставяць нібыта ў віну – гэта тое, што я выказваю сваё меркаванне. А што мне рабіць?Выказваць тое самае меркаванне, што і кіраўнік Рэспубліканскай ГНК Таццяна Краўчанка, якая хлусіць пра сустрэчу з Жамчужным? Я і надалей буду дзейнічаць у інтарэсах правоў чалавека. Вясельным генералам, якога водзяць па пацёмкінскіх турэмным вёсках, я не буду,– заявіў Бухель.
Крыніца: Магілёў: сябру назіральнай камісіі ставяць у віну выказванне ўласнага меркавання