Удзельнік «Астравецкага шляху» супраць будаўніцтва Беларускай АЭС, актывіст Валерый Бычкоўскі 26 кастрычніка даведаўся аб тым, што аддзел прымусовага выканання Кастрычніцкага раёна Мінска пачынае спагнанне сумы нясплочанага штрафу з ягонага заработку. З пастановы аб спагнанні прымусовага збору ён даведаўся, што штраф у памеры 490 рублёў быў прысуджаны згодна з пастановай суда Кастрычніцкага раёна г.Мінска ад 20 ліпеня 2018 г. Бычкоўскага, як высветлілася потым, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП - удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - акцыі «Астравецкі шлях», якая адбылася ў Заслаўі яшчэ 26 траўня.
Праўда сам актывіст пра адміністрацыйную вытворчасць, складанне пратакола правапарушэння і сам суд увогуле нічога не ведаў.
“Аб вынесенай пастанове я даведаўся толькі 26 кастрычніка 2018 г. ад судовага выканаўцы, які і аддаў мне яго разам з дакументамі аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці і спагнанні сумы прымусовага збору. Да гэтага моманту мяне не выклікалі ў міліцыю для складання пратаколу, не атрымліваў і я копіі пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, мяне не выклікалі ў суд ні позвай, ні смс-паведамленнем. Таксама я не атрымліваў самой пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні," – піша ён у скарзе ў Мінскі гарадскі суд.
З дапамогай праваабаронцаў “Вясны” Валерый Бычкоўскі звярнуўся ў Мінскі гарадскі суд з хадайніцтвам аб аднаўленні прапушчаных тэрмінаў для абскарджвання судовай пастановы і скаргай, у якой прасіў адмяніць пастанову суда Кастрычніцкага раёна.
27 лютага суддзя Мінгарсуда Яўген Хаткевіч, разгледзеўшы заяву і хадайніцтва Валерыя Бычкоўскага, прыняў рашэнне пастанову суда Кастрычніцкага раёна Мінска ад 20 ліпеня адмяніць, а справу накіраваць на новы разгляд у той жа суд да новага суддзі.
Крыніца: Штраф і судовы выканаўца прыйшлі нечакана, а з суда - ні позвы, ні пратакола, ні пастановы