Гродзенскае абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны разгледзела перанакіраваную з Гарадзенскага аблвыканкама заяву праваабаронцы "Вясны" Валянціна Стэфановіча па фактах прыцягнення да прымусовай працы супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў для уборкі ўраджаю ў саўгасе «Воранаўскі».
Да гэтага заява праваабаронцы, накіраваная ў Пракуратуру Воранаўскага раёна, была перанакіраваная ў Гарадзенскі аблвыканкам, а адказ Валянціну Стэфановічу прыйшоў з Воранаўскага райвыканкама, які, вядома, не ўгледзеў ніякіх парушэнняў.
Цікава тое, што як правіла з райвыканкамаў і паступаюць распараджэнні ў розныя раённыя арганізацыі і прадпрыемствы аб выдзяленні ў абавязковым парадку работнікаў у дапамогу на ўборку ўраджаю саўгасам.
Тады праваабаронца звярнуўся ў Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт, які прасіў разгледзець яго заяву па сутнасці, указаць старшыні Воранаўскага райвыканкама Мікалаю Разуму на неабходнасць няўхільнага выканання патрабаванняў заканадаўства аб звароце грамадзянаў пры разглядзе іх заяў і зваротаў. А пры выяўленні фактаў парушэння дзеючага заканадаўства прыняць меры да аднаўлення парушаных правоў грамадзянаў і прыцягненню вінаватых службовых асобаў да ўстаноўленай законам адказнасці.
Аднак, дзяржорган "замарочвацца" не стаў і "спіхнуў" адказнасць на абласное ўпраўленне па працы. Начальнік упраўлення Мікалай Ленко з усёй заявы угледзеў толькі тое, што праваабаронца звяртаецца ў інтарэсах грамадзянаў, якія былі задзейнічаныя саўгасам "Воранаўскі» у сельскагаспадарчых працах.
У сваім адказе ён спасылаецца на п. 3 арт. 4 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў»: прадстаўнікі заяўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на падставе заканадаўства, альбо актаў упаўнаважаных дзяржаўных органаў, альбо даверанасці.
«Пунктам 6 артыкула 12 Закона прадугледжана, што да пісьмовых зваротаў, якія падаюцца прадстаўнікамі заяўнікоў, павінны прыкладацца дакументы, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы. Свае паўнамоцтвы на прадстаўленне інтарэсаў грамадзян вы не пацвярджаеце.
Адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы, можа з'яўляцца падставай для пакідання звароту без разгляду па сутнасці», - піша начальнік упраўлення.
Пры гэтым Мікалай Ленко апускае той факт, што арт. 1 Закона вызначае заяву, як «хадайніцтва аб садзейнічанні ў рэалізацыі правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўніка, не звязанае з іх парушэннем, а таксама паведамленне аб парушэнні актаў заканадаўства, недахопах у працы дзяржаўных органаў, іншых арганізацый (службовых асоб), індывідуальных прадпрымальнікаў». А Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў дзяржорганы менавіта з заявай аб парушэнні заканадаўства, а не зваротам у інтарэсах грамадзянаў.
Акрамя таго, абласное ўпраўленне па працы прыйшло да высновы, што заява праваабаронцы не ўтрымлівае канкрэтныя і пэўныя факты пра парушэнні саўгасам «Воранаўскі» заканадаўства аб працы.
«Выкладзеныя довады, заснаваныя на дапушчэнні аб здзяйсненні дадзенай арганізацыяй адміністрацыйнага правапарушэння, якія не могуць служыць нагодамі да пачатку адміністрацыйнага працэсу», - падкрэсліваецца ў адказе.
Аднак, Валянцін Стэфановіч і не спасылаўся на факты адміністрацыйнага правапарушэння з боку саўгаса «Воранаўскі», а паказваў на факты прыцягнення работнікаў розных прадпрыемстваў да прымусовай працы без падпісання пісьмовага пагаднення работніка аб пераводзе (згодна з арт. 30 Працоўнага кодэкса - адзіна магчымага накіравання наймальнікам работніка для выканання работы па іншай спецыяльнасці, кваліфікацыі, прафесіі, пасады ў параўнанні з працай абумоўленай працоўным дагаворам, у тым ліку працы ў іншага наймальніка і ў іншай мясцовасці). У дадзеным выпадку, менавіта наяўнасць такіх пагадненняў паміж работнікамі і наймальнікамі РУП ЖКГ, Пераганцаўскага цэнтра культуры, Воранаўскай сярэдняй школы і Пераганцаўскай сярэдняй школы, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прасіў праверыць Валянцін Стэфановіч. А таксама правесці праверку па фактах парушэння дзеючага заканадаўства, дапушчаных кіраўніцтвам указаных прадпрыемстваў пры накіраванні работнікаў на выкананне сельгасработ, не абумоўленых ўмовамі працоўнага дагавора ў іншага наймальніка, правесці з імі, а таксама службовымі асобамі Воранаўскага райвыканкама прафілактычную размову і давесці да іх ведама нормы дзеючага працоўнага і іншага заканадаўства ў мэтах недапушчэння падобных парушэнняў законнасці ў будучыні.
Але воз і цяпер там.
На прымусовую працу, якая ў Беларусі носіць сістэмны характар, праваабаронцы указвалі і ў гадавой справаздачы аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі:
«Асобным відам прымусовай працы, традыцыйна прымяняюцца ў Беларусі, з'яўляецца прыцягненне распараджэннямі мясцовых выканаўчых органаў работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў (у тым ліку і навучальных), студэнтаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў да ўборкі сельгаспрадукцыі на палях сельгаспрадпрыемстваў. Распараджэнні мясцовых (абласных і раённых) выканкамаў аб накіраванні работнікаў на ўборку сельгаспрадукцыі кіраўнікамі прадпрыемстваў носяць абавязковы для выканання характар. Пры гэтым накіраванне саміх работнікаў на такія працы, як правіла, ніяк не афармляецца альбо афармляецца з парушэннем патрабаванняў дзеючага працоўнага заканадаўства.
Усе звароты ПЦ «Вясна» ў органы пракуратуры і вышэйстаячыя органы ўлады з просьбай правядзення праверак інфармацыі аб накіраванні работнікаў прадпрыемстваў на прадмет добраахвотнасці іх удзелу ў такіх працах былі безвыніковымі. Пракуратуры адмаўляліся праводзіць пракурорскія праверкі і перасылалі звароты ў іншыя інстанцыі, а выканкамы не праводзілі праверкі па сутнасці».
Крыніца: Пінг-понг па-беларуску: хто адкажа за прымусовую працу ў саўгасе «Воранаўскі»?