У Міжнародны Дзень правоў чалавека, 10 снежня, адбылася цырымонія ўзнагароджання штогадовай Нацыянальнай праваабарончай прэміі. Урачыстае ўзнагароджанне адбылося на новай асветніцка-адукацыйнай пляцоўцы "Тэрыторыя правоў".

Пляцоўку адкрылі праваабаронцы “Вясны” з дапамогай Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава. 

Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі на пачатку мерапрыемства адзначыў:

“Мы перакананыя, што нам, праваабаронцам, трэба павялічваць сваю прысутнасць у адукацыі, у культуры, у асвеце, працягваць традыцыі вялікага Васіля Быкава, які вельмі высока цаніў Дэкларацыю, і ў якога тэма правоў і свабод чалавека ў публіцыстыцы займала значнае месца.

Мы спадзяемся, што Пляцоўка падвысіць разуменне і актуальнасць правоў чалавека ў беларускім грамадстве і будзе спрыяць тым мэтам, якія былі абвешчаныя у Дэкларацыі".

Пасол Францыі Дзідзье Канес выказаўся пра беларускі праваабарончы рух у Беларусі:

"Мы хочам аддаць даніну павагі тым, хто змагаецца за правы чалавека ў Беларусі. Францыя з вамі!"

Беларуская праваабарончая супольнасць урачыста ўзнагародзіла лаўрэатаў дзесятай Нацыянальняй прэміі беларускіх праваабаронцаў 2017 года ў трох намінацыях – “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Кампанія/ініцыятыва года”.

Вядучая імпрэзы Ганна Герасімава, дырэктарка Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, павіншавала ўсіх прысутных са святам – Міжнародным днём правоў чалавека, а затым перайшла да абвяшчэння лаўрэатаў.

Пераможцамі ў намінацыі “Праваабаронца года” стала Вольга Смалянка, Цэнтр прававой трансфармацыі, і лідары незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Узнагароду ўручыла лаўрэатка мінулагодняй прэміі ў гэтай намінацыі кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская.

ght.jpg
Прадстаўніка Цэнтра прававой трансфармацыі, лідары незалежнага прафсаюза РЭП  Ігар Комлік і Генадзь Федыніч, Ганна Герасімава

Лаўрэатам у намінацыі “Журналіст года” стала Ірына Леўшына, БелаПАН. Прэмію ёй уручыла Галіна Абакунчык, журналістка "Радыё Свабода", лаўрэтка прэміі "Журналістка года-2018".

У намінацыі “Кампанія/ініцыятыва года” лаўрэатам была прызнаная кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Атрымлівалі узнагароду каардынатар кампаніі Андрэй Палуда і актывістка кампаніі Паліна Сцепаненка

paluda_stepanenko.jpg
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда і актывістка кампаніі Паліна Сцепаненка.

Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым альянсам”. З 2011 года прэмія з'яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці, якой за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Адвакат года” (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе – “Кампанія/ініцыятыва года”.

Арганізацыямі-сузаснавальніцамі прэміі з'яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава,Камітэт “Салідарнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Крыніца: Названыя лаўрэаты Нацыянальнай праваабарончай прэміі Фота