Зміцера Паліенку хочуць прымусіць амаль штодзень слухаць у міліцыі лекцыі па працаўладкаванні, але актывіст прынцыпова адмаўляецца гэта рабіць і зараз чакае адказ з пракуратуры.
“У каго ёсць час і жаданне мяне падтрымаць, прыходзьце 6 снежня ў 11.00 у суд Заводскага раёна”, – паведаміў Зміцер.
Нагадаем, што Зміцер Паліенка выйшаў на волю больш за месяц таму і павінен быў амаль штодзень з’яўляцца ў Заводскі РУУС, каб слухаць лекцыі, якія тычыліся працаўладкавання. Некалькі разоў хлопец наведаўся на лекцыі, а затым адмовіўся гэта рабіць прынцыпова.
У сваім звароце ў пракуратуру актывіст указаў, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконныя, ніхто не мае права прымушаць яго да працы. Штодзённыя выклікі на лекцыі – гэта таксама неабгрунтаваны кантроль і парушэнне правоў і свабод.
“Не прайшоў і першы суд, як далі павестку на другі, – паведаміў Зміцер у сацыяльных сетках. – Я ўжо казаў пра сваё стаўленне да гэтых лекцый і пра тое, чаму я на іх не хаджу і не збіраюся надалей хадзіць. Я не збіраюся скакаць пад дудку тых, хто мяне кінуў за краты і не збіраюся вісець у іх на вудачцы”.
Зміцер Паліенка дадаў сайту palitviazni.info, што пратаколы на яго складзены па артыкуле 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніку міліцыі).
“Першы суд – 6 снежня, другі – 19 снежня, – кажа ён. – Не ведаю, які будзе прысуд, але такая актыўнасць міліцыі насцярожвае. Відаць, да маёй асобы ў іх нейкі асаблівы інтарэс”.