10 снежня святкуецца Сусветны дзень правоў чалавека. У гэтым годзе гэтая дата знамянальная яшчэ тым, што роўна 70 год таму быў прыняты адзін з самых важных дакументаў па правах чалавека — Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Прыняўшы гэтае рашэнне гiстарычнага значэння, Генеральная Асамблея Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый звярнулася з заклiкам да ўсiх дзяржаў-сябраў Арганiзацыi абнародаваць тэкст Дэкларацыi i зрабiць усё магчымае для «яе распаўсюджвання, абвяшчэння i растлумачэння без адрознення, якое заснавана на палiтычным статусе краiн або тэрыторый». Дэкларацыя прасякнута духам барацьбы з дыскрымінацыяй, перакананнем, што ўсе людзі роўныя і маюць роўныя правы. Хоць Беларусь і з’яўляецца яе ўдзельнікам, у нашай краіне ўсё роўна шырока парушаюцца правы чалавека, абвешчаныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека.

На абарону кожнага права, абвешчанага Дэкларацыяй, у Беларусі ёсць свой праваабаронца, а то і цэлая праваабарончая арганізацыя. Яны змагаюцца кожны дзень, каб дамагчыся правоў чалавека і захаваць іх. “Вясна” спытала ў беларускіх праваабаронцаў, чаму Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека застаецца такой жа актуальнай, як і 70 год таму.

Артыкул 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Усе людзi нараджаюцца свабоднымi i роўнымi ў сваёй годнасцi i правах. Яны надзелены розумам i сумленнем i павiнны ставiцца адзiн да аднаго ў духу брацтва.

Старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі за праваабарончую дзейнасць у Беларусі быў узнагароджаны шматлікімі прэміямі ў галіне правоў чалавека. У часы адбывання пакарання ў папраўчай калоніі  №2 Бабруйска ў 2013 годзе ён стаў першым лаўрэатам міжнароднай прэміі Вацлава Гавала. Каментуючы першы артыкул Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, праваабаронца адзначае:

 “Ужо сотні гадоў чалавецтва імкнецца, каб свабода і роўнасць, прадэклараваная ў першым сказе першага артыкула Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ўвасобіліся ў жыццё. Дадзеныя чалавеку ад нараджэння правы, годнасць зневажаюцца там, дзе няма свабоды і роўнасці.

Доўгі час Дэкларацыя была ў Беларусі забароненым дакументам. У БССР за яе распаўсюджанне саджалі ў турму. Свабода і роўнасць -- гэтыя паняцці былі не для таталітарнага грамадства. Мы ўсе былі свабоднымі ў няволі і роўнымі ў бяспраўі. Часы мяняюцца. І ад нас саміх, ад нашага "духу брацтва" залежыць наколькі хутка адбудуцца гэтыя змены.

Перачытваючы першы артыкул Дэкларацыі, я кожны раз згадваю шчымлівыя радкі нашага вялікага паэта Анатоля Сыса:

У гэтай краіне не маю я дому,

вось воблака — сяду і ў свет палячу

над гэтай гаморай, над гэтым садомам,

ні грошай, ні славы — я волі хачу”.

Артыкул 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Кожны чалавек мае права на свабоду думкi, сумлення i рэлiгii; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлiгiю або пераканнi i свабоду спавядаць сваю рэлiгiю або перакананнi як аднаасобна, так i разам з iншымi, публiчным або прыватным парадкам у вучэннi, богаслужэннi i выкананнi рэлiгiйных i рытуальных абрадаў.

Дзіна Шаўцова, прадстаўніца “Ініцыятывы FORB” ужо амаль дваццаць гадоў прасоўвае і абараняе свабоду веравызнання ў Беларусі. Падкрэслівая важнасць і актуальнасць Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, яна адзначае:

"Свабода рэлігіі або перакананняў, замацаваная Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, з'яўляецца адным з самых важных правоў і адной з асноў дэмакратычнага грамадства. Значнасць дадзенай свабоды ў тым, што яна абараняе асобу, дае права фарміраваць асабістыя перакананні і выказваць іх. Свабода рэлігіі і перакананняў цесна пераплятаюцца з іншымі грамадзянскімі і палітычнымі правамі, таму парушэнне гэтага права ставіць пад пагрозу і іх.

Па дадзеных даследванняў, у 40% краін свету існуюць высокія ці вельмі высокія абмежаванні на рэлігію. На жаль, і ў Беларусі апошнія 15-20 гадоў мы назіраем, што магчымасць людзей свабодна выбіраць і выказваць сваю веру падвергнулася істотным абмежаванням. Так, каб дзейнасць рэлігійнай арганізацыі была легальнай, яе трэба абавязкова зарэгістраваць, калі рэлігійныя мерапрыемствы праводзяцца па-за культавых будынкаў, то для гэтага таксама трэба асобна атрымліваць дазвол. Акрамя таго, атрыманне дазволу абавязкова для дзейнасці замежных святароў. Парушэнні вызначаных правілаў можа пацягнуць за сабой прыцягненне да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Такія абмежаванні наўрад ці неабходны для аховы грамадскай бяспекі, парадку, здароўя і маралі, роўна як асноўных правоў і свабодаў іншых асобаў.

Калі вернікаў штрафуюць за тое, што яны збіраюцца разам для малітвы, зносін і распаўсюджвання сваіх перакананняў, то гэта спараджае страх і выклікае, як мінімум, здзіўленне. Такая сітуацыя павінна быць зменена - і заканадаўства, і практыка яго прымянення павінны ствараць гарантыі і ўмовы, калі кожны можа свабодна выбіраць і вызнаваць рэлігію або перакананні".

Крыніца: Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцаў Фота