Заяўку на правядзенне пікету падаў у адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску праваабаронца Леанід Свецік, піша "Віцебская вясна". Імпрэза, у якой паводле заяўкі возьмуць удзел дзесяць чалавек, мусіць адбыцца 10 снежня – менавіта ў гэты дзень 70 гадоў таму Генеральная Асамблея ААН зацвердзіла Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека.
Мэта пікету, як яе абазначаюць арганізатары: інфармаванне грамадзян пра тое, што 10 снежня 1948 году ААН была прынятая Ўсеагульная дэкларацыя правоў чалавека; публічнае адзначэнне гэтай даты; прапаганда неабходнасці выканання правоў чалавека; стварэнне дзяржавай умоваў, якія забяспечваюць кожнай асобе рэалізацыю правоў і свабодаў, а таксама эфэктыўныя сродкі прававой абароны.
Рэакцыя мясцовых уладаў на заяўку прадэманструе, як яны насамрэч ставяцца да правоў чалавека, абвешчаных у Дэкларацыі. За апошнія дзесяць гадоў яны не далі дазволу на ніводнае масавае мерапрыемства ў Віцебску, заяўленае праваабаронцамі.
Крыніца: Віцебск: праваабаронцы падалі заяўку на пікет 10 снежня