Салігорскі райвыканкам адмовіў у дзяржаўнай  рэгістрацыі першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза працаўнікоў унітарнага будаўнічага прадпрыемства “Трэст “Рэммантажбуд”.

Яшчэ 28 траўня быў праведзены арганізацыйны сход, а 22 чэрвеня Беларускі Незалежны прафсаюз накіраваў у Салігорскі раённы выканкам заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі першаснай прафсаюзнай арганізацыі працаўнікоў “Трэст Рэммантажбуд”.

Аднак праз месяц заяўнікі атрымалі адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі на падставе таго, што нібыта прадстаўленныя для рэгістрацыі дакументы не адпавядалі ўстаноўленным патрабаванням. Аднак не было зразумела, якія менавіта дакументы не адпавядалі патрабаванням. Неаднаразова заяўнікі звярталіся і ў Салігорскі райвыканкам, і ў Міністэрства юстыцыі, аднак адказу атрымаць так і не ўдалося.

“Салігорскі раённы выканаўчы камітэт не ідзе на кантакт з прафсаюзам, а спецыяліст ідэалагічнага аддзела Касачык Крысціна Мікалаеўна, якая непасрэдна займалася вывучэннем заявы і прыкладзеных да яго дакументаў, не змагла патлумачыць прычыну адмовы.

Рэгіструючым органам быў запытаны арыгінал пратакола арганізацыйнага сходу, які мы данеслі ў той жа дзень. Больш зваротаў да нас аб прадастаўленні якіх-небудзь дадатковых дакументаў не паступала”, - адзначаюць заяўнікі.

8 лістапада Беларускі Незалежны прафсаюз накіраваў скаргу ў суд на неправамерныя дзеянні дзяржаўнага органа, які абмяжоўвае правы і законныя інтарэсы юрыдычнай асобы.

Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу, што вычарпальны пералік дакументаў неабходных для рэгістрацыі арганізацыйных структур прафсаюзаў устаноўлены п. 21 Інструкцыі аб парадку афармлення і разгляду дакументаў, звязаных з дзяржаўнай рэгістрацыяй, ліквідацыяй палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, іх саюзаў (аб’яднанняў), зацверджанай Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь № 48 ад 30.08.2005 г.

Гэты ж п. 21 Інструкцыі прадугледжвае магчымасць прадстаўлення неабходных для рэгістрацыі дакументаў на працягу двух месяцаў з моманту ўтварэння арганізацыйнай структуры, пры наяўнасці паважных прычын, якія перашкаджалі падачы дакументаў у рэгіструючы орган у месячны тэрмін. Такім чынам, нават калі не ўсе прадугледжаныя Інструкцыяй дакументы былі прадстаўленыя ў рэгіструючы орган па паважных прычынах, заяўнікам павінны былі прадставіць час, неабходны для іх дападачы.

У сваім рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі арганізацыйнай структуры Беларускага Незалежнага прафсаюза Салігорскі райвыканкам спасылаецца на тое, што прычынай стала непрадстаўленне ўсіх неабходных для гэтага дакументаў (п. 21 і ч. 4 арт. 22 Інтсрукцыі), прычым рашэнне не утрымлівае ўказання, якія канкрэтна дакументы, на думку прадстаўнікоў выканкаму, не былі прадстаўленыя заяўнікамі.

“Трэба адзначыць, што пазітыўныя абавязацельствы дзяржавы ў галіне свабоды асацыяцый азначаюць, што дзяржава павінна не толькі не ствараць празмерна абцяжарваючых працэдур рэгістрацыі асацыяцый, створаных грамадзянамі, але і ствараць спрыяльныя ўмовы для іх дзейнасці, у тым ліку і рэгістрацыі.

Сітуацыя, калі рэгіструючы орган адмаўляецца растлумачыць заяўнікам прычыны адмовы ў рэгістрацыі,  з’яўляецца парушэннем гэтых абавязацельстваў з боку дзяржаўнага органа. Нават калі б заснавальнікамі не былі прадстаўленыя ўсе неабходныя дакументы, пералічаныя ў п. 21 Інструкцыі, службовыя асобы выканкаму маглі б паведаміць ім пра гэта ў працэсе рэгістрацыі і аказаць іншае садзейнічанне ў ажыцяўленні гэтай працэуры.

На практыцы мы маем відавочны сэлектыўны падыход выканкаму і жаданнне ўсімі сродкамі перашкодзіць  грамадзянам у іх добраахвотным аб’яднанні ў незалежны прафсаюз”, - падкрэслівае праваабаронца.

Права аб’яднання ў прафсаюзы замацавана не толькі арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і ў міжнародных нормах права, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь – Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (п. 4 арт. 23), Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 22), Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (арт. 8).

Валянцін Стэфановіч лічыць, што ў дадзеным выпадку мела месца парушэнне права грамадзянаў, якія выступалі заяўнікамі ў справе дзяржаўнай рэгістрацыі першаснай прафсаюзнай арганізацыі, на асацыяцыю і стварэнне прафсаюзаў.

Крыніца: Салігорск: прафсаюзу адмаўляюць у рэгістрацыі па надуманых прычынах