У Воршы 23 лістапада адкрылася выстава "Лісты палітвязняў ад 1996 года да нашых дзён", піша "Радыё Рацыя". На яе адкрыцці прысутнічалі кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі і ўкладальніца выставы Паліна Сцепаненка.
Пасля адкрыцця выставы Алесь Бяляцкі распавёў пра місію ў Чачне:
"У нас была праваабарончая місія ў Грозны, дзе судзяць нашага калегу чачэнскага праваабаронцу Аюба Ціціева, там гэта самы вядомы праваабаронца, ён прадстаўляе “Мемарыял” у Чачні. Напачатку гэтага года яго арыштавалі, абвінавацілі ў тым, што ён перавозіў наркотыкі, знайшлі 200 грам марыхуаны ў машыне пад дыванком. Мы прысутнічалі на судзе. Суд быў у мястэчку Шалі. Справа стала міжнародна вядомая, Аюбу далі прэмію Парламента Савета Еўропы. А першую прэмію далі мне, калі я сядзеў у 2013 годзе. Ехалі мы на суд у міжнароднай групе, былі расіяне з маскоўскага “Мемарыяла”. З Праваабарончага цэнтру “Вясна” былі я і Сяржук Сыс. Суд над Аюбам яшчэ раз падкрэслівае, што ва аўтарытарных рэжымах, таталітарных рэжымах займацца праваабаронай небяспечна. Гэта як і незалежная журналістыка. Чаму там забілі і Наталлю Эсцеміраву, яна была журналісткай, яна была праваабаронцай, жанчынай вельмі пасіянарнай. Яе проста забілі, завезлі ва Інгушэцію, выкінулі на ўзбочыну і дагэтуль не знайшлі таго, хто забіў. Цяпер, калі Аюб спыніў працу, ва ўсёй Чачні няма ніводнай праваабарончай арганізацыі".
Алесь Бяляцкі рапавёў пра тое, што суд над Аюбам абудзіў успаміны пра суд над ім самым, нават пачалі сніцца сны пра суд і турму.
Напрыканцы сустрэчы праваабаронца падараваў і падпісаў прысутным сваю кнігу „Халоднае крыло Радзімы”. Гэта адна з пяці кніг напісаных праваабаронцам за кратамі.