Наста Лойка. Фота: Аляксандр Васюковіч, Імёны Наста Лойка паведаміла пра магчымую спробу запужаць яе і ейных калегаў, піша belsat.eu.

Паводле праваабаронцы, увечары 22 лістапада падчас сустрэчы ў кавярні ім падкінулі паперку з дзіўным зместам. Цыдулку перадаў працаўнік «Лідо» на Нямізе, дзе Наста сядзела з калектывам.

Аўтар запіскі раіў ёй знайсці «нармалёвую працу».

Я ўжо 10 гадоў займаюся правамі чалавека. І так атрымалася, што я дапамагаю ці ўлажу ў дапамогу розным уражлівым групам. Спачатку гэта былі актывісты_кі (розныя), потым - замежнікі_цы, часам кансультую людзей з ЛГБТК+ супольнасьці, упісваюся ў жаночыя антыдыскрымінацыйныя рухі і г.д. 

Але вы напэўна ведаеце, што за любымі праактыўнымі людзьмі сочаць, кантроляць, калі трэба - бьюць па ручках і г.д. Ну і за праваабаронцамі звычайна сочыць спэцыяльны аддзел КДБ, які інфу зьбірае, але самі моцна не праяўляюцца, мо толькі на вобшуках якіх.

А тут я стала актыўна кансультаваць яшчэ адну ўражлівую групу - анархістаў_к і антыфашыстаў_к. І цікавіцца, што там у нас з экстрэмізмам. Мы нават з рабяткамі зрабілі старонку з тэматычнай інфой, там можна папрасіць кансультацыю, пачытаць даклад і парады ў тг-канале (http://pdby.tilda.ws/).

Я, канешне, лічу, што я нічога кепскага не раблю. Больш за тое, Дэклярацыя аб праваабаронцах мне гэта ўсё легальна дазваляе (беларускія законы не заўжды адпавядаюць, але я ведаю пра прыярытэт).

Але канкрэтна гэтую групу кантроліць прыўкрасны ворган - ГУБАЗіК - Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Яны знакамітыя сваімі па-за праўнымі мэтадамі працы і татальнай беспакаранасьцю.

І што адбываецца: спачатку ўпершыню ў мяне ў жыцьці нам сарвалі прэзэнтацыю дакладу тэматычнага. А сёньня вось сустрэлася сачку папіць і пагаварыць пра тэндэнцыі - і нам падкінулі такую вось паперку праз афіцыянта ў кавярні.

Краткія высновы: 1) з пунктуацыяй у іх так сабе; 2) заняцца ім яўна няма больш чым (няма, відаць, сапраўдных злачынцаў); 3) ёсьць што яшчэ павесіць на сьцену над ложкам. Візытоўкі я даклала, канешне, нам толькі паперку з тэкстам падкінулі.

Nasta Lojka

Праваабаронца распавяла belsat.eu, што такую цыдулку ім падкідваюць не ўпершыню.

«Раней падобную запіску, напісаную той жа рукою, падкідвалі частцы з прысутных. Магчыма, гэта стыль працы канкрэтнага працаўніка ГУБАЗіКу. Гэта, насамрэч, звычайныя метады працы ГУБАЗіКу, якія я лічу па-за праўнымі і якія мне не падабаюцца. Гэта спосаб псіхалагічнага ціску».

Дзяўчына звязвае такія папярэджанні з актыўнасцю ў ініцыятыве «Прававая дзейнасць», якая падтрымлівае і кансультуе анархістаў і антыфашыстаў.

Паводле Насты, яны не пыталі ў хлопца, які перадаў запіску, хто яе прынёс.

«Адразу было зразумела, што гэта ад двух малазапамінальных мужчын, якія сядзелі недалёка ад нас. Яны сышлі, а афіцыянт прынёс».

Наста Лойка ўжо 10 гадоў займаецца прававою дапамогай розным групам насельніцтва ад актывістаў да ўцекачоў. У Беларусі яе ведае кожны, хто трапіў пад рэпрэсіі дзяржавы і звярнуўся па дапамогу ў праваабарончы цэнтр «Вясна». Цяпер Наста працуе ў праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».

Крыніца: Новыя метады запужвання? Праваабаронцам у кавярні падкінулі ананімную цыдулку