Гарадзенскаму праваабаронцу Віктару Сазонаву пазванілі з Свіслацкага раённага суда і паведамілі, што адміністрацыйны працэс над ім пачнецца ў пятніцу, 23-га лістапада ў 14.15. Справу па арт 23. 34 КаАП (удзел у неснкцыянаваным масавым мерапрыемстве) будзе разглядаць суддзя Аляксандр Шылін.
“Гарадзенская Вясна” нагадвае, што суды ў Свіслачы будуць праходзіць за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 27-га кастрычніка. У гэты дзень, традыцыйна, у Свіслачы сабраліся актывісты каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863-га году. Людзі ўскладвалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на свіслацкіх могілках, да помнікаў нацыянальным героям у самой Свіслачы і Якушоўцы, дзе была сядзіба Каліноўскіх. Запальвалі знічкі, распавядалі пра гераічныя падзеі мінулых часоў.
Віктар Сазонаў сёлета прысутнічаў у Свіслачы як назіральнік і праваабаронца, каб адсачыць дзеянні ўладаў і сілавікоў, паколькі кожны год апошнім часам удзельнікі гэтай акцыі падвяргаліся пераследу.
Раней, 15 лістапада старшыня Свіслацкага раённага суду Аляксандр Шылін за ўдзел у акцыі засудзіў грамадскага актывіста Юрыя Глебіка паводле артыкуу 23.34, частка 1 да 25 базавых велічынь штрафу. Ён жа 16 лістапада аштрафаваў іншага грамадскага актывіста Віктара Пяцельчыца да 10 базавых штрафу.
Дарэчы, гэта не першы суд над праваабаронцам, які традыцыйна назірае за акцыяй у Свіслачы. У 2015 годзе суд Свіслачскага раёна прысудзіў яму штраф у памеры 10 базавых велічынь нібыта за ўдзел у несанкацыянаванай акцыі. Сітуацыя паўтарылася і ў 2016 годзе, калі на Віктара Сазонава склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Свіслачы на Дзень памяці паўстанцаў 1863 года і пакаралі штрафам у памеры 35 базавых велічынь. Сам праваабаронца сцвярджаў, што займаўся назіраннем за акцыяй і ўдзелу ў ёй не прымаў.
Крыніца: Праваабаронцу “Вясны” Віктара Сазонава чакае суд у Свіслачы