Палітычны аглядальнік і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. Фота Радыё Свабода. Крымінальная справа за несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі супраць журналіста Паўлюка Быкоўскага перакваліфікавана ў адміністрацыйную. Пра гэта сам Быкоўскі паведаміў БАЖ.

Таксама крымінальны пераслед спынены супраць галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага.

Справа супраць журналістаў перакваліфікаваная паводле арт. 252 КПК "у сувязі з прымяненнем мер адміністрацыйнага ўздзеяння".

Яны былі аднымі з 14-ці абвінавачаных па крымінальнай “справе БелТА”, заведзенай супраць недзяржаўных журналістаў.

Артыкул 86 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці.Гэта тычыцца асоб, якія ўпершыню здзейснілі злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкае злачынства і кампенсавалі шкоду, альбо выплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам, або іншым чынам загладзілі нанесеную злачынствам шкоду.

7-9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі вобшукі.

Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ярмачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў.

Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля вызвалення большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Следчы камітэт абвінавачвае журналістаў у тым, што яны ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Незалежныя аналітыкі перакананыя: “справа БелТА” — спроба ўладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя інтэрнэт-медыя. Журналістам пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.

Крыніца: Спынены крымінальны пераслед журналістаў Быкоўскага і Кулецкага