Валанцёр “Вясны” Юрый Мяцельскі накіраваў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнне суда Маскоўскага раёна Мінска. Суддзя гэтага суда Е. Чарняк 18 ліпеня цалкам адмовіла Юрыю ў яго патрабаваннях аб спагнанні маёмаснай і кампенсацыі маральнай шкоды за незаконнае затрыманне ў навагоднюю ноч.
Нагадаем, у ноч першага студзеня Юрыя Мяцельскага затрымалі ў Слуцку, калі ён з сябрам знаходзіўся на тэрасе мясцовага Дома культуры. Аднаго з супрацоўнікаў АМАПа раззлавала, што падчас праверкі дакументаў Юрыя і яго сябра, валанцёр "Вясны" папрасіў самога супрацоўніка прад'явіць дакументы. Гэта і стала прычынай затрымання, хоць потым Юрыя і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы (арт. 17.1 КаАП).
Хлопца адвезлі ў выцвярэзнік для аналізу крыві на алкаголь, а далей у РАУС, дзе пад псіхалагічным і фізічным ціскам вымусілі падпісаць пратакол ужо па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар, у якім ён прабыў да трэцяга студзеня.
22 лютага 2018 г. судом Слуцкага раёна Мінскай вобласці адміністрацыйны працэс у дачыненні да Юрыя Мяцельскага па арт. 17.1 КаАП быў спынены за недаказанасцю яго віны.
Пасля тых падзей Юрый вырашыў звярнуцца ў суд з патрабаваннем спагнаць ў Міністэрства фінансаў маёмасную і кампенсаваць маральную шкоду за незаконнае затрыманне і ўтрыманне пад вартай. Аднак прадстаўнік міністэрства з пазовам не пагадзіўся, бо, па яго словах, пакрыццё шкоды магчыма толькі ў выпадку ўстанаўлення вінаватых асоб, чаго не было зроблена здадзеным выпадку. Адказчык не палічыў, што спыненне справы Юрыя па рэабілітуючых абставінах аўтаматычна служыць падставай для кампенсацыі шкоды, і суддзя ў выніку стала на бок мінфіна.
Юрый Мяцельскі абскардзіў гэтае рашэнне ў Мінскі гарадскі суд, аднак той пакінуў яго без зменаў. Зараз ён накіраваў скаргу ў апошнюю судовую інстанцыю ўнутры краіны – у Вярхоўны суд. Ён просіць апратэставаць рашэнне гарадскога суда і накіраваць спарву на новы разгляд у суд першай інстанцыі.
Валанцёр “Вясны” Выказвае нязгоду з рашэнняма раённага і гарадскога судоў, лічыць іх незаконнымі і неабгрунтаванымі. Ён працягвае прытрымлівацца пазіцыі, што сам па сабе факт спынення яго адміністрацыйнай справы па арт. 17.1 КаАП у сувязі з недаказанасцю віны - гэта і ёсць доказ незаконнасці дзеянняў праваахоўных органаў, якія вялі адміністрацыйны працэс. І гэта з’яўляецца падставай для грашовай кампенсацыі.
У выпадку, калі Вярхоўны суд адмовіцца накіроўваць справу на новы разгляд, Юрый Мяцельскі будзе рыхтаваць скрагу адносна свайго незаконнага затрымання ў Камітэт па правах чалавека ААН.