Як вядома, 8 лістапада сябра арганізацыі ПЦ "Вясна" Алесь Буракоў быў выкліканы ў Кастрычніцкі РАУС г. Магілёва. Яму было прапанавана даць тлумачэнні ў сувязі з правядзеннем у дачыненні да яго праверкі органаў МУС па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь па “факце дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі ПЦ “Вясна”.
Сябра Рады ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч пракаментаваў сайту palitviazni.info сітуацыю з ціскам на праваабаронцу і журналіста Алеся Буракова.
“Пакуль дакладна немагчыма сказаць, адкуль у гэтай гісторыі, што называецца, ногі растуць, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Мяркую, што больш дакладна пра гэта можна будзе казаць пасля міліцэйскай праверкі. І я вельмі спадзяюся, што пасля таго рэзанаса, які займела справа, яна нічым не скончыцца. У той жа час, калі завядуць крымінальную справу, то гэта будзе сведчыць пра нейкія новыя спробы ціску ўладаў”.
Праваабаронцы-“вясноўцы” ўжо заявілі, што яны расцэньваюць распачатую органамі МУС г. Магілёва праверку ў дачыненні да Алеся Буракова, як “чарговы нічым не прыхаваны ціск ў сувязі з ягонай актыўнай праваабарончай дзейнасцю, а таксама як ціск на ўсіх сябраў ПЦ “Вясна” ў цэлым”.
Праваабаронца нагадвае, што крымінальныя справы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не ўзбуджаліся ўжо даўно.
“З 2008 году не асуджалі людзей па гэтым артыкуле, – адзначае Валянцін Стэфановіч. — Мы, праваабаронцы, у сваёй супольнай заяве заявілі, што гэтая сітуацыя наогул дзіўна выглядае на фоне таго, што ўлады дэкларавалі дэкраміналізацыю гэтага артыкула. Апошні раз гэта было пацверджана прадстаўніком афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Жэневе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Было заяўлена, што плануецца дэкрыміналізацыя гэтага артыкула, яго перавядуць з крымінальнага на адміністрацыйны. Таму незразумела, што адбываецца. Але мы вырашылі не чакаць вынікаў праверкі, а адрэагаваць адразу, таму што расцэньваем у любым разе такую сітуацыю, як ціск і на Алеся Буракова ў сувязі з яго праваабарончай дзейнасцю, і ў цэлым на арганізацыю”.
“Самы горшы варыянт – гэта ўзбуджэнне крымінальнай справы, – дадае праваабаронца. – А пакуль што гэтую гісторыю можна расцэньваць, як нейкую самадзейнасць магілёўскіх міліцыянераў. Хаця не выключана, што за ўсім гэтым стаіць і КДБ”.
Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, якая заснавана Міжнароднай федэрацыяй па правах чалавека, выступіла ўжо з тэрміновым зваротам з нагоды пераследу Буракова. Абсерваторыя “асуджае пераслед Алеся Буракова, адзінай мэтай якога з’яўляецца пакаранне за яго законную дзейнасць у галіне правоў чалавека” і заклікае ўлады Беларусі “пакласці канец усім актам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць яго і ўсіх праваабаронцаў краіны”.
Крыніца: Стэфановіч: Расцэньваем ціск на Буракова ў сувязі з яго праваабарончай дзейнасцю