Праваабаронца «Вясны», былы адвакат Павал Сапелка пракаментаваў "Радыё Свабода" сітуацыю з падлеткам, які даў поўху «гарадавому». Праваабаронца лічыць, што міліцыянты мінімум двойчы парушылі заканадаўства, калі прыцягнулі падлетка да адказнасці і выклалі відэа з яго прабачэннямі ў інтэрнэт.
Паводле Паўла Сапелкі, затрыманага юнака не маглі прыцягваць да адказнасці паводле Крымінальнага кодэксу.
«Тут некалькі бясспрэчных на мой погляд момантаў, якія ставяць пад сумнеў правамоцнасьць дзеяньняў міліцыі.
Скульптуры гарадавога не нанесена ня тое што разбурэньня, а нават мінімальнай шкоды. А значыць, ужываньне Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за такія злачынствы (гэта 344-ы і 345-ы артыкулы) выключаная.
Таксама немагчыма прыцягнуць да адказнасьці ўмоўнага „парушальніка“ і паводле 346 артыкулу КК, у якім вядзецца пра аганьбаваньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, бо скульптура гарадавога ня ёсьць помнікам гісторыі і культуры. Другая частка гэтага артыкулу прадугледжвае адказнасць за апаганьванне памятнікаў абаронцам Айчыны, але тут мы маем усё ж іншы час ды іншы вобраз. Такім чынам, крымінальная адказнасць выключаная».
Адзіны варыянт разбору ўчынку затрыманага хлопца, лічыць Павал Сапелка, гэта паводле Адміністрацыйнага кодэксу. Але і тут не вытрыманы шэраг патрабаванняў закону, мяркуе праваабаронца.
«Магчыма, што ў дзеяннях падлетка міліцыянты ўгледзелі хуліганства. Прыраўнялі поўху да іншых зняважлівых дзеянняў у дачыненні нерухомых аб’ектаў. Прыкладам, надпісаў нецэнзурных словаў, пашкоджанняў. Ці ўбачылі парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
Але ў любым выпадку трэба рабіць усё паводле закону: складаць пратакол, выклікаць бацькоў, бо гаворка пра непаўналетняга, без ягоных прадстаўнікоў закон забараняе любыя дзеянні. У іх прысутнасці бяруцца тлумачэнні, і справа накіроўваецца для разгляду ў суд. Ці было гэта зроблена, маю вялікія сумневы.
Далей: у відэа, якое змясцілі міліцыянты, няма ані слова пра тое, што юнак прызнаны вінаватым у адміністрацыйным парушэнні, між тым ён ужо просіць прабачэнні. Але ці быў атрыманы дазвол ад яго і ягоных бацькоў на змяшчэнне такога відэа, таксама незразумела. Можна меркаваць, што яго прымусілі прасіць прабачэння, і гэта таксама ёсць парушэннем закону, што патрабуе разбору», — лічыць праваабаронца з «Вясны» Павал Сапелка.
Крыніца: Праваабаронца знайшоў два парушэнні закону ў справе пра поўху гарадавому. Але з боку міліцыі