Чарговая акцыя праціўнікаў будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода завяршылася 11 лістапада затрыманнем аднаго з берасцейскіх актывістаў Канстанціна Астапука.
Ён выйшаў на плошчу Леніна, дзе сабралася больш за 130 чалавек, апрануты ў касцюм ліса і прынёс з сабой паветраныя балонікі, якія раздаваў дзецям.
Калі Астапук збіраўся пакінуць плошчу, яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу і і даставілі ў Ленінскі РУУС.
Як паведамляюць праваабаронцы, у аддзяленні міліцыі на Астапука склалі пратакол правапарушэння па арт 23.34 КаАП і да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Верагодна, што сёння адбудзецца суд над Канстанцінам Астапуком.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін паведамляе, што акрамя затрымання "Ліса", некалькім удзельнікам кармлення галубоў 11 лістапада супрацоўнікі міліцыі ўручылі позвы ў раённы аддзел міліцыі.
Стала вядома, што Астапука выпусцілі з ІЧУ, "без суда і следства", як паведамляюць ягоныя сябры. Аднак выдалі позву ў міліцыю на 18 лістапада.
Крыніца: Берасце: затрыманага ў нядзелю "чалавека-ліса" выпусцілі з ІЧУ Дапоўнена