Алена Маслюкова. Фота - ПЦ "Вясна" 12 лістапада Светлагорскі раённы суд вынес рашэнне па скарзе праваабаронцы Алены Маслюковай на адмову райвыканкама ў правядзенні ў горадзе мітынгу супраць працы завода беленай цэлюлозы. Нягледзячы на ўсе недарэчнасці, якія ўсплылі падчас паседжанняў, суд стаў на бок райвыканкаму і спартыўнай школы.

Нагадаем, што ў кастрычніку светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова вырашыла звярнуцца ў раённы суд са скаргай на адмову ў павядзенні шостага лістапада мітынга на стадыёне “Папернік”. З адказа райвыканка вынікала, што ў той дзень (а менавіта ў прамежак часу з 16.00 да 18.00) на стадыёне быццам бы запланавана правядзенне моладзевага першынства па футболе. Шостага кастрычніка Алена Маслюкова вырашыла праверыць, ці не схлусіў райвыканкам, і прыйшла ў адпаведны час на стадыён – у 16.00 ён быў пусты. 

pusty_stadion_svetlagorsk.jpg
Стадыён "Папернік" шостага кастрычніка ў 16.00

Працэс па скарзе праваабаронцы вяла суддзя Людзміла Сядзько. На першых двух паседжаннях былі агучаны пазіцыі абодвух бакоў і быў дапытан сведка – трэнер спартыўнай школы, якой належыць стадыён “Папернік”. Мэта райвыканкама была даказаць, што ў 16.00 шостага лістапада на стадыёне праходзілі спаборніцтвы, аднак першы сведка не змог падмацаваць яго пазіцыю. Таксама падчас паседжанняў высветлілася, што першапачаткова футбольны турнір мусіў праходзіць у нядзелю сёмага лістапада, аднак у пэўны момант было вырашана перанесці яго на суботу.

Восьмага лістапада быў дапытаны наступны сведка – трэнер спартыўнай школы Шалухін, які, на думку Маслюковай, быў падрыхтаваны да працэса, бо казаў тое, пра што ў яго нават і не пыталіся. Так, ён прама сказаў прысутным, што разумею, навошта яго выклікалі - распавесці, калі ўсё-такі скончыліся футбольныя гульні.

Падчас допыту гэты сведка абмовіўся, што метадыст школы М.В. Лысенка раней казаў яму ды іншым трэнерам, што тыя павінны быць ў той дзень на стадыёне, каб іншыя людзі не змаглі правесці там мітынг.

Нагадаем, што ў афіцыйным адказе райвыканкама на заяву Алены Маслюковай на правядзенне мітынгу напісана, што гэта немагчыма праз запланаваны на той дзень футбольны турнір. Аднак са словаў сведкі Шалухіна вынікае зусім іншая рэч: загад перанесці футбольныя спаборніцтвы з нядзелі на суботу быў дадзены пасля таго, як мясцовым уладам стала вядома пра жаданне актывістаў правесці масавае мерапрыемства. Такім чынам, хлусня выканкама відавочна.

На наступны дзень, дзевятага лістапада, у судзе дапытвалі метадыста Лысенка. Па словах метадыста, пра тое, што футбол пераносіцца з сёмага на шостае, яму паведаміў дырэктар школы, а ён, у сваю чаргу, папярэдзіў усіх астатніх трэнераў. Ён прадказальна заявіў, што нічога не ведаў пра мітынг, хоць напярэдадні сведка Шалухін казаў адваротнае. Таксама была апытана намесніца дырэктара школы Дудко К., якая нічога новага не распавяла.

У панядзелак 12 лістапада светлагорскі раённы суд агучыў рашэнне: пакінуць скаргу без задавальнення. Такім чынам, ні пусты стадыён у запланаваны для мітынгу час, ні разыходжанні ў паказаннях сведак, ні відавочная хлусня райвыканкама ніяк не збянтэжылі суддзю Сядзько.

Сама Алена Масклюкова, хоць і не хавае крыўды, на іншы вынік і не разлічвала.

“Шчыра кажу, ледзь не заплакала, хоць і разумела, якім будзе рашэнне. Як пасля такога верыць беларускаму суду? Суддзя сама хавала вочы і пасля вынясення рашэння спрабавала неяк апраўдвацца”, - сказала яна адразу пасля вынясення рашэння.

Праваабаронца мае намер абскардзіць прынятае рашэнне.

Скарга Алены Маслюковай не адзіная, якую разглядае і яшчэ будзе разглядаць Светлагорскі раённы суд. Агулам група мясцовых актывістаў падала дзясяткі заявак на правядзенне ў горадзе масавых мерапрыемстваў на стадыёне “Папернік”, аднак ніводная з іх не была задаволена. Так, дзевятала лістапада адбыліся папярэднія паседжанні па скаргах іншых заяўнікоў мітынгаў у Светлагорску – Анатоля Змітровіча і Т. Насковай. Працяг абодвух паседжанняў прызначаны на 15 лістапада.

Крыніца: Светлагорскі суд адмовіў праваабаронцы ў скарзе супраць райвыканкама