Прадстаўнікі Руху «За Свабоду» і Партыі БНФ Віталь Амяльковіч і Павел Батуеў восьмага лістапада падалі заяўку на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу, прысвечаных ушанаванню памяці герояў Слуцкага паўстання 1920 года, паведамляе сайт Руху “За Свабоду”.
Правядзенне акцыі запланавана на 24 лістапада з 14.30 да 16.00. Арганізатары разлічваюць, што атрымаюць дазвол на шэсце ў цэнтры Слуцка.
Сярод заяўнікаў таксама намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і прадстаўнік Руху салідарнасці «Разам» Генадзь Драздоў. Мэта акцыі - ушанаванне памяці паўстанцаў, "адзначэнне ўгодкаў Слуцкага паўстання як значнай падзеі для гісторыі і сучаснасці Беларусі" і беларускага войска.
«Мы разлічваем на тое, што ўлады дазволяць правядзенне мерапрыемства ў запланаваным намі фармаце. І не паўтораць свае памылкі мінулага году, калі месца збору і маршрут шэсця па ініцыятыве Слуцкага выканкаму былі небяспечнымі для ўдзельнікаў», — адзначыў Мінскі абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч.
Слуцкі збройны чын (Слуцкае паўстанне) — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў лістападзе і снежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам.
Крыніца: Актывісты падалі заяўку на святкаванне гадавіны Слуцкага збройнага чыну