Напрыканцы верасня юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў заявы ў Пракуратуру Горацкага раёна і Магілёўскі аблвыканкам па факце прыцягнення да прымусовай працы (прыборкі ўраджаю) работнікаў розных прадпрыемстваў г. Горкі для аказання шэфскай дапамогі ААТ “Горацкае”. Правабаронца прасіў адмяніць незаконнае распараджэнне старшыні Горацкага райвыканкама Сяргея Кулагіна на падставе таго, што яно не адпавядае дзеючаму нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, а яго выкананне прыводзіць да парушэння правоў грамадзянаў у форме прыцягнення іх да прымусовай працы.

Юрыст “Вясны” ўжо атрымаў адказ з пракуратуры, які гэткім насамрэч не з’яўляецца. Пракурор Горацкага раёна Аляксандр Тарасюк наўпрост перанакіраваў зварот Валянціна Стэфановіча ў Магілёўскі аблвыканкам, спаслаўшыся на Указ прэзідэнта “Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў”.

1 лістапада праваабаронца атрымаў адказ ад намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама А. Кунцэвіча, які пазначыў, што падставаў для задавальнення просьбаў Валянціна Стэфановіча няма.

Але дакумент, на рэдкасць, не падобны на звычайную адпіску, а мае некаторыя цікавыя высновы наконт распараджэння Горацкага райвыканкама і ўвогуле прымусовай працы.

“у адносінах арганізацый, не падначаленых выканкаму, сельгаспрацы, прадугледжаныя распараджэннем выканкама, маюць рэкамендацыйны характар”

Магілёўскі аблвыканкам звярнуў увагу, што ў адносінах да арганізацый, якія не падначалены выканкаму, распараджэнне можа мець толькі рэкамендацыйны характар. Гэта значыць, што яно падлягае выкананню такімі арганізацыямі толькі ў выпадках іх пісьмовай згоды. Гэта асобна павінна быць прапісана ў распараджэнні, але гарвыканкам не палічыў патрэбным рабіць такія агаворкі. Таму ў дакуменце пазначана, што абласныя чыноўнікі ўжо нібы звярнулі ўвагу кіраўніцтва Горацкага райвыканкама на гэтыя недахопы нарматыўнага акта.

“сельгаспрацы арганізуюцца толькі на дабраахвотнай аснове, у вольны ад працы час”

Магілёўскія чыноўнікі адзначылі, што падчас разгляду заявы Валянціна Стэфановіча выканаўчыя органы высветлілі, што арганізацыі, пазначаныя ў распараджэнні, прапанавалі сваім супрацоўнікам выключна на добраахвотнай аснове, у вольны ад працы час, аказаць дапамогу ва ўборцы гародніны. Але калі яшчэ раз звярнуцца да сутнасці распараджэння Горацкага райвыканкама, то можна зрабіць высновы, што ён абавязковы для выканання. Аб гэтым сведчаць фармуліроўкі дакумента накшталт “пад персанальную адказнасць забяспечыць штодзённае вылучэнне людзей для ўборкі гародніны”,  “кантроль за выкананнем сапраўднага распараджэння ўскласці на…” і іншыя.

Праваабаронца звяртае ўвагу, што ў дадзеным выпадку фактычна меў месца перавод да іншага наймальніка на выкананне працы не абумоўленай працоўнай дамовай. Такім чынам, паўстае яшчэ больш пытанняў: ці ёсць дакументы з подпісамі супрацоўнікаў, што яны насамрэч давалі сваю згоду на такія працы? Ці афармляўся такі перавод адпаведным загадам наймальніка? Ці сапраўды такія працы праводзіліся ў непрацоўны час? Пры гэтым у распараджэнні пазначаны час працы змены з 8:00 да 16:30, то бок час, калі працоўныя павінны знаходзіцца на сваіх непасрэдных працоўных месцах.

У падцвярджэнне сваіх словаў аблвыканкам прыводзіць традыцыйны аргумент: “зваротаў ад работнікаў арганізацый горада Горкі аб прымусу іх з боку наймальніка не паступала”.

Напрыканцы дакумента намеснік старшыні аблвыканкама адзначыў, што ў сувязі са сканчэннем тэрміну распараджэння, адмяніць яго таксама нельга. Ды, як і чакалася, падставаў да дысцыплінарнага пакарання старшыні Горацкага райвыканкама Сяргея Кулагіна няма.

Чытайце таксама па тэме:

Крыніца: Магілёўскі аблвыканкам сцвярджае, што сельгаспрацы неабавязковыя