Суд Ленінскага раёну Гародні разгледзеў адміністрацыйную справу ўдзельніка пікету ў гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі Аляксандра Лаўрэнцьева. Яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства па ч.3 арт. 23.34 КаАП.
Як паведамляла “Гарадзенская Вясна”, супрацоўнікі міліцыі пільнавалі актывістаў яшчэ з раніцы 7 лістапада, каб яны не маглі далучыцца ў афіцыйную калону мітынгоўцаў. Мікалай Салянік нават быў затрыманы. Але ўрэшце актывісты ўсё ж выйшлі на плошчу Леніна з плакатам "Долой самодержавие!". Пастаяўшы там, яны скіраваліся на Савецкую плошчу. Там, у раёне гандлёвага дому "Нёман" іх гвалтоўна затрымалі.
Мікалая Саляніка і Аляксандра Лаўрэнцьева завезлі у РАУС Ленінскага раёна Гародні. Туды пасля патрабавання Саляніка і іншых грамадскіх актывістаў была выклікана хуткая дапамога. Лекары зрабілі Саляніку ўкол і з'ехалі.
Мікалая Саляніка пасля складання пратаколу пра адміністрацыйнае правапарушэнне выпусцілі з РАУСу, Аляксандар Лаўрэнцьеў застаўся пад вартай у ІЧУ.
Пасля таго, як Саляніка адпусцілі, яго зноў затрымалі. Позна ўвечары стала вядома, што яго змясцілі ў шпіталь.
Суддзя Руслан Гурын вынес пастанову аб прыцягненні Лаўрэнцьева да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь, або 735 рублёў.
Мікалай Салянік дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі.
Крыніца: "Долой самодержавие!" ацанілі ў 30 базавых велічынь