28 кастрычніка 2018 году ў Менску адбыліся традыцыйныя шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды».
Высновы:
- Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючым прынцыпам па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі\-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны, не ўжывалі гвалт.
- З боку праваахоўных ворганаў зафіксавана падвышаная ўвага да незалежных назіральнікаў, выбарачная фіксацыя пашпартных дадзеных без тлумачэньня прычынаў. Варта адзначыць, што згодна з Кіруючым прынцыпам, маніторынг мірных сходаў зьяўляецца важнай крыніцай незалежнай інфармацыі аб паводзінах усіх бакоў сходу. Гэтая інфармацыя можа быць выкарыстана рознымі спосабамі, у тым ліку, можа паслужыць асновай для дыялёгу паміж уладамі, праваахоўнымі ворганамі і грамадзскай супольнасьцю. Справаздачы назіральнікаў могуць служыць асновай для абмеркаваньня такіх пытаньняў, як эфэктыўнасць дзеючага заканадаўства i паўната выкананьня дзяржавай сваіх пазытыўных абавязаньняў па абароне свабоды мірных сходаў.
- Супрацоўнікі ДАІ эфэктыўна і карэктна арганізоўвалі рух удзельнікаў\-іц на сьветлафорах, падземных і наземных пераходах, не разрываючы калёны.
- Падчас правядзеньня шэсьця адсутнічала магчымасьць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў, бо ўсе яны былі ў цывільнай форме адзеньня. Знаходжаньне супрацоўнікаў міліцыі на мірных сходах у цывільнай форме адзеньня не дазваляе ўдзельнікам/-цам разумець іх функцыі і паўнамоцтвы, а таксама не спрыяе камунікацыям і эфэктыўнаму рашэньню канфліктных сытуацыяў.
- Перашкодаў працы СМІ не зафіксавана.
- Неабходнасьць атрымліваць дазвол для правядзеньня акцыі, зьяўляецца непрапарцыйным абмежаваньнем права на мірныя сходы. Пры гэтым, папярэдняе паведамленьне уладаў, сустрэчы па абмеркаваньні дэталяў сходу і падобная эфэктыўная камунікацыя паміж арганізатарамі, уладамі, праваахоўнымі ворганамі і іншымі зацікаўленымі бакамі варта лічыць станоўчай практыкай, якая спрыяе рэалізацыі права на мірны сход. Асабліва важна арганізатарамі сходу, мясцовымі ўладамі і органамі аховы правапарадку праводзіць сустрэчы па абмеркаванні розных дэталяў перад сходамі зь вялікай колькасьцю ўдзельнікаў\-ніц і мірных сходаў у форме шэсьцяў. Аднак уладам ня варта накладаць празьмерныя патрабаванні на арганізатараў, такім чынам адмаўляючыся ад выкананьня сваіх абавязкаў па садзейнічаньні мірным зборам.
- Затрыманьняў удзельнікаў\ -іц сходу не зафіксавана.
Мэтадалёгія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтар "Вясна" праводзяць сыстэматычнае назіраньне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай мэтадалёгіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучаньне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадзкага кантролю, міжнародным стандартам правядзеньня мірных сходаў і мэтадалёгіі назіраньня; запаўненьне анкеты назіраньня падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкетаў і напісаньне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назіраньня за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытаньні пра магчымасці выкананьня назіральнікамі/-цами і журналістамі/-камі сваіх функцыяў, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-цаў мірнага сходу, супрацоўнікаў/-цаў праваахоўных ворганаў, а таксама наяўнасьць на мірным сходзе хуткай дапамогі. Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананьне правілаў і прынцыпаў назіраньня (незалежнасьць і палітычная нэўтральнасьць; апісаньне фактаў, а не меркаваньняў; неўмяшальніцтва ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасьць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеяньняў і дыскрымінацыйных практыкаў; карэктныя паводзінаы). Падчас выкананьня сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя пасьведчаньнямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "# СontrolBY".
Папярэдняя інфармацыя
19 кастрычніка ў СМІ і сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя пра тое, што Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ падала заяўку на правядзеньне традыцыйнага шэсьця і мітынгу, прысьвечаных Дню памяці продкаў «Дзяды» у нядзелю 28 кастрычніка і атрымала станоўчае рашэньне Менскага гарадскога выканаўчага камітэту. У рашэньні ўказана, што адказныя асобы ад арганізатараў абавязаны зьявіцца ў выканкам для ўзгадненьня маршруту і абмеркаваньня іншых пытаньняў забесьпячэньня аховы грамадзкага парадку. Дадаткова ў рашэнні зьмяшчаецца напамін пра тое, што адказнасьць за захаваньне грамадзкага парадку нясуць арганізатары.
З пачатку правядзеньня мірнага сходу грамадзкі кантроль ажыцьцяўлялі 4 назіральнікі, пачынаючы з 13.30 і да заканчэньня сходу - 3 назіральнікі. Усе назіральнікі прайшлі адпаведнае навучаньне і былі пазначаныя належным чынам.
Ход мірнага сходу
Падчас мірнага сходу былі адзначаныя наступныя факты:
- На момант пачатку маніторынгу аб 11:30 асобныя ўдзельнікі/-цы і прадстаўнікі СМІ знаходзіліся ля будынку гадзіньнікавага завода "Луч" (пр. Незалежнасьці, 95). Пачатак шэсьця быў анансаваны на 12:00. Фактычна рух калёны пачалося а 12:08.
- На месцы збору прысутнічалі ня менш як 140 удзельнікаў/-цаў, ня менш 47 супрацоўнікаў/-цаў праваахоўных ворганаў у цывільнай форме адзеньня. Заўважаны беспілотны лятальны апарат (дрон), верагодна які належыць праваахоўным ворганам.
- Арганізатары былі пазначаныя бэйджамі, некалькі чалавек выконвалі функцыю дружыны з павязкамі на рукавах. Арганізатары выкарыстоўвалі гучнагаварыцель. Падчас руху калёны каля станцыі мэтро Маскоўская арганізатары прасілі удзельнікаў ісьці калёнай не шырэй 4 чалавек.
- Не менш 47 супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў прысутнічалі на месцы збору, на працягу шэсця і падчас мітынгу. Усе яны былі ў цывільнай форме адзеньня, апазнаць іх можна было толькі толькі па рацыях, слухаўках і іншых спэцыфічных прыкметах. Некаторыя зь іх здымалі тое, што адбываецца на ручныя відэакамеры.
- З прычыны адсутнасьці інфармацыйнай групы ГУУС Менгарвыканкама на месцы збору ўдзельнікаў/-цаў, назіральнікі зьвярнуліся да супрацоўнікаў міліцыі з пытаньнем пра колькасьць супрацоўнікаў, якія ажыцьцяўляюць ахову парадку. Дадзеныя прадастаўленыя не былі.
- На сьветлафорах па ходзе руху калёну не разрывалі, супрацоўнікі ДАІ спынялі рух аўтатранспарту, што зьяўляецца пазытыўным крокам. У раёне падземнага пераходу станцыі мэтро Маскоўская рух калёны быў арганізаваны наступным чынам: супрацоўнікі ДАІ спынялі рух транспарту, і ўдзельнікі/-цы шэсьця ішлі па праезнай частцы праз зьнятыя сэкцыі агароджы. У раёне станцыі мэтро Ўсход супрацоўнікі ДАІ прасілі прыбраць асабісты аўтатранспарт з шляху руху калёны.
Падчас шэсьця выкарыстоўвалася наступная сымболіка:
- расьцяжкі і плякаты "1988 Дзяды 2018", "Хайсы - Віцебскія Курапаты", "Кансэрватыўна-Хрысціанская Партыя - БНФ", "Курапаты - наш народны мемарыял!", "Сталіністы - прэч з народнай сьвятыні!" , "Зьберажэм народны мэмарыял ад чыноўнікаў", “чужародны знак не павінен быць на галгофе”, “Беларусь штрафы краты катаванні рэпрэсаваная”, “Расея- гэта вайна”, “Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква”, “выключай рен тв уключай мазгі, “кожны красный день календаря паліты крывёю бязвінных”, “Ушануйма ахвараў Курапат”, “НЕ чужароднай пухліне на курапацкай галгофе”;
- сьцягі: ня менш за 22 бел-чырвона-белых сьцягі на флагштоках, не менш за 2 бел-чырвона-белых сьцягі з шасціканцовым крыжам, бел-чырвона-белы сьцяг з шасціканцовых крыжам чорнага колеру, бел-чырвона-белы сьцяг зь гербам "Пагоня", ня менш за 8 бел-чырвона-белых сьцягі на плячах удзельнікаў/-цаў, маленькія бел-чырвона-белыя сьцягі і іншыя элемэнты з гэтай сымболікай: нашыўкі, стужачкі, шалікі.
- таксама адзначаныя: герб горада Брэст з надпісам "Берасьце", гадсдэнаўскі сьцяг на плячох удзельніка, ня менш за 6 драўляных крыжоў, букеты кветкаў.
- Удзельнікі/-цы выкарыстоўвалі лёзунгі "Жыве Беларусь!", "Беларусь перадусім", сьпявалі песьні "Не загаснуць Зоркі ў небе", "Пагоня" і іншыя.
- Сярод удзельнікаў/-цаў мірнага сходу знаходзіліся дзеці і сьвятары.
- Калёну суправаджаў сіні мікрааўтобус з гука- і відэазапісваючай апаратурай. Машынаў хуткай дапамогі на працягу ўсяго мірнага сходу зафіксавана не было.
- Каля 13.30 да назіральнікаў, якія ішлі за калёной, падышоў падпалкоўнік міліцыі Жураўскі Леанід Станіслававіч у цывільнай форме адзеньня. Было чуваць, як яму паступіла каманда выявіць асобы назіральнікаў, бо яны перашкаджаюць працы міліцыі. Супрацоўнік праваахоўных ворганаў прадставіўся, паказаў пасьведчанне і сфатаграфаваў на мабільны тэлефон пашпарты двух назіральнікаў. Ніякіх патрабаваньняў, прэтэнзыяў і тлумачэньнямі назіральнікам не паступала.
Каля 15:07 калёна (ня менш за 280 чалавек) падыйшла да ўрочышча Курапаты. Там знаходзіліся 2 супрацоўнікі праваахоўных ворганаў у форме і 1 у камізэльцы "Інфармацыйная група".
- Мітынг праходзіў у самім ўрочышчы Курапаты з 15:23 да 16:27, з выкарыстаньнем мікрафону і калёнкаў. Выступоўцы не заклікалі да зьдзяйснення гвалтоўнайых дзеяньняў, актаў экстрэмізму, вайне і г.д. На мітынгу прысутнічалі не менш як 310 чалавек. У канцы мітынгу выконвалі гімн "Магутны Божа".
- А 15.58 ня менш за 16 чалавек аддзяліліся ад астатніх удзельнікаў мітынгу і скіраваліся да рэстарану "Поедем, поедим", дзе з 31 траўня праходзяць штодзённыя акцыі пратэсту. Каля 20 хвілінаў людзі размаўлялі і фатаграфаваліся.
Рэкамэндацыі:
супрацоўнікам праваахоўных ворганаў:
- ажыцьцяўляць ахову грамадўкага парадку падчас мірных сходаў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
- прызначаць кантактную асобу зь ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/цамі мірнага сходу;
суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
- ініцыяваць зьмены ў заканадаўства з мэтай прывядзеньня яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў;
выканаўчаму органу ўлады (Менскаму гарадзкому выканаўчаму камітэту):
- эфэктыўна выконваць функцыю адміністраваньня мірных сходаў да, падчас і пасьля правядзеньня сходаў;
- устрымлівацца ад празьмерных патрабаваньняў да арганізатараў мірных сходаў, не перакладаць функцыі адміністраваньня і аховы правапарадку на арганізатараў.
Крыніца: Справаздача па маніторынгу мірнага сходу «Дзяды» 28 кастрычніка ў Менску