Магілёўская журналістка-фрылансер Аліна Скрэбунова 9 чэрвеня атрымала sms-паведамленне на нумар мабільнага тэлефона. Па інфармацыі службы маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", невядомыя асобы прапанавалі журналістцы “з'явіцца на грамадскі пункт аховы правапарадку № 6 Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Магілёва 13-га чэрвеня ў 13-00".
Журналістку выклікаюць у якасці асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс па ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ).
Па словах Аліны Скрэбуновай, яна была здзіўлена, атрымаўшы такое паведамленне ад невядомых асобаў і з невядомага ёй нумара тэлефона. Аліна кажа, што гэта мог быць і чыйсьці не вельмі разумны жарт. Таму журналістка параілася з сябрамі і даслала на гэты нумар паведамленне ў адказ.
“Калі вы сапраўды з міліцыі, то дашліце мне пісьмовы дакумент з пячаткамі ва ўстаноўленай законам форме”, — напісала ў sms-паведамленні Скрэбунова.
Крыніца: Магілёўскую журналістку спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за супрацоўніцтва з “Белсатам”