Фота www.kleck.by 8 чэрвеня стала вядома, што ў суд Маладзечанскага раёна пракуратурай Мінскай вобласці накіравана крымінальная справа ў адносінах да настаўніц сярэдней школы №11 Маладэчна, якія абвінавачваюцца ў неналежным выкананні абавязальніцтваў па забеспячэнню бяспекі жыцця і здароўя вучаніцы восьмага класа Вікторыі Папчэні, якая загінула падчас прыборкі ўраджаю бульбы.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч раней звяртаўся ў следчы камітэт з заявай аб здзяйсненні злачынства чыноўнікамі Маладзечанскага райвыканкаму – старшынёй райвыканкаму А.Д. Яхнаўцом і начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму І.Ф. Драпезай. Заяву следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення А.В. Валасян далучыў да матэрыялаў крымінальнай справы і праінфармаваў Валянціна Стэфановіча пра тое, што довады, выкладзеныя праваабаронцам у заяве дбайным чынам будуць правераныя ў ходзе папярэдняга следства, у тым ліку будзе дадзеная ацэнка дзеянняў службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкама. Пазней праваабаронца нават быў дапытаны следчым у якасці сведкі па крымінальнай справе, нягледзячы на тое, што Валянцін Стэфановіч не з’яўляўся сведкам тых падзей і нічога распавесці органам следства пра абставіны смерці Папчэні В.А. не мог.

 

Аднак, цяпер высветлілася, што папярэдняе следства скончанае, справа супраць настаўніц перададзена ў суд, а адказу па сутнасці сваёй заявы Валянцін Стэфановіч так і не атрымаў. Праваабаронца абураны такімі дзеяннямі дзяржорганаў і ўпэўнены, што да адказнасці за гібель вучаніцы маладзечанскай школы прыцягнуць трэба не настаўніц, а чыноўнікаў Маладзечанскага райвыканкаму, якія выдалі незаконныя распараджэнні аб накіраванні вучняў школы і супрацоўнікаў іншых прадпрыемстваў на прыборку ўруджаю бульбы. Ён накіраваў скаргу на дзеянні следчага па асабліва важных справах ў пракуратуру Мінскай вобласці, дзе падкрэсліў:

“На працягу ўсяго часу, які прайшоў ад моманту майго звароту з заявай аб здзяйсненні злачынства, я так і не атрымаў ніякага пісьмовага адказу па сутнасці яе разгляду. Я не ведаю ці былі “дбайным чынам” правераныя выкладзеныя мной довады, ці была дана ацэнка дзеянням службовых асоб Маладзечанскага райвыканкаму і якая ацэнка. У сувязі з гэтым у мяне складаецца ўражанне, што органы следства наўмысна ўхіліліся ад дачы прававой ацэнкі дзеянняў службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкама, што былі ўказаныя мной у заяве”.

Праваабаронца лічыць, што нават калі пагадзіцца з довадамі следчага А.В. Валасян аб тым, што яго заява не падлягала разгляду ў парадку арт. 174 КПК, а была зарэгістраваная ў кнізе рэгістрацыі зваротаў грамадзян і юрыдычны асоб, у любым выпадку такая заява падлягала разгляду па сутнасці.

“Адным з патрабаванняў Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” з’яўляецца разгляд зваротаў па сутнасці. Згодна з арт. 14 Закона пісьмовыя звароты лічацца разгледжанымі па сутнасці, калі разгледжаныя ўсе выкладзеныя ў іх пытанні і заяўнікам накіраваныя пісьмовыя адказы.

Арт. 18 Закона таксама прадугледжаныя патрабаванні да пісьмовых адказаў (уведамленняў) на пісьмовыя зароты: яны павінны быць абаснаваныя і матываваныя (пры неабходнасці – са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), утрымліваць канкрэтныя фармулёўкі, абвяргаць ці падцвярджаць довады заяўніка”, - піша ў скарзе Валянцін Стэфановіч.

Ён просіць Пракуратуру Мінскай вобласці правесці праверку ўказаных фактаў, абавязаць следчага па асабліва важных справах следчага ўпраўленя УСК па Мінскай вобласці А.В. Валасян даць адказ па сутнасці разгляду яго заявы ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. А таксама ў мэтах прадухілення падобных парушэнняў у будучым указаць следчаму А.В. Валасян на неабходнасць дакладнага і няўхільнага выканання патрабаванняў дзеючага заканадаўства пры працы з заявамі і зваротамі грамадзян.

Нагадаем, трагедыя адбылася 29 верасня 2016 года падчас выканання школьнікамі з Маладзечна сельгаспрац па ўборцы бульбы і выклікала шырокі грамадскі рэзананс. 13-гадовая Вікторыя Папчэня трапіла пад колы грузавіка, які рухаўся заднім ходам. Суд Маладзечанскага раёна 23 снежня прызнаў вінаватым у смерці школьніцы 22-гадовага кіроўцу Паўла Цыбіна і прысудзіў яго да трох гадоў абмежавання волі.

Крыніца: Валянцін Стэфановіч: “Следства ўхіліліся ад дачы прававой ацэнкі дзеянняў службовых асобаў райвыканкама па факце гібелі Вікторыі Папчэня”