На мапе свету цягам кастрычніка павялічылася тэрыторыя, вольная ад смяротнага пакарання. На тэрыторыі штата Вашынгтон (ЗША) смяротнае пакаранне было адмененае 11 кастрычніка. Такое рашэнне прыняў Вярхоўны суд штата. Да цяперашняга моманту на вышэйшую меру пакарання ў Вашынгтоне быў накладзены мараторый. Згодна з рашэннем суда, ужо вынесеныя смяротныя прысуды павінны замяніць на пажыццёвае зняволенне, паведамляе газета The Washington Post. У турмах штата ўтрымліваюцца восем чалавек, якіх раней асудзілі да смяротнага пакарання.
Вашынгтон стаў стаў 20-м штатам у ЗША, на тэрыторыі якога не дзейнічае вышэйшая мера пакарання. У апошнія гады колькасць вынесеных смяротных прысудаў значна знізілася.
А літаральна праз дзень рашэнне адмяніць смяротнае пакаранне прыняў урад Малайзіі. Па інфармацыі Reuters, змены ў адпаведны закон былі адразу ж вынесеныя на разгляд парламента.
Паведамляецца таксама, што будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне для зняволеных, якія зараз знаходзяцца ў камеры смяротнікаў.
Шэраг міжнародных арганізацый, такіх, як Human Rights Watch і Amnesty International, віталі падобнае рашэнне.
Па дадзеных Amnesty International, на канец 2017 года 106 краін адмянілі смяротнае пакаранне заканадаўча за ўсе злачынствы і 142 краіны адмянілі яе заканадаўча або на практыцы.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.