На глабальнай платформе Сhange.org 9 чэрвеня з’явілася петыцыя за аднаўленне ў беларускіх універсітэтах студэнтаў, адлічаных за грамадска-палітычную актыўнасць. Апошнія адлічэнні звязаныя з удзелам студэнтаў у пратэстных акцыях, якія ў лютым і сакавіку прайшлі ў розных гарадах краіны.
Петыцыя адрасаваная міністру адукацыі Ігару Карпенку і пяці ўніверсітэцкім рэктарам - Сяргею Абламейку (БДУ), Аляксандру Жуку (БДПУ), Анатолю Сікорскаму (БДМУ), Ганне Сэндэр (БДУ імя Пушкіна) і Канстанціну Бандарэнку (БДУ імя Куляшова).
Зварот да іх выкладзены ад імя актывіста Пятра Маркелава, які распавядае сваю гісторыю. Ён двойчы быў адлічаны з БДУ – у 2015 і 2016 годзе за “пропускі заняткаў”: праблемы з акадэмічнай паспяховасцю ў хлопца распачаліся пасля мясцовых выбараў 2014 года, калі ён як беспартыйны студэнт балатаваўся ў мясцовы Савет дэпутатаў і правёў заўважную перадвыбарчую кампанію.
- Пётр Маркелаў. Фота Віялеты Саўчыц
“Мой выпадак не адзіны. Нядаўна я стаў сведкам некалькіх выпадкаў выключэння студэнтаў з універсітэтаў. У лютым і сакавіку 2017 шмат людзей далучылася да нацыянальных пратэстаў супраць прэзідэнцкага дэкрэту №3, які вымушае беспрацоўных людзей выплочваць дадатковы падатак. За чатыры тыдні больш за 1000 пратэстоўцаў, журналістаў, паліычных і грамадскіх атывістаў былі затрыманыя па ўсёй Беларусі. Сярод іх было шмат студэнтаў. Іх саджалі ў турмы, а потым адлічвалі”.
Акрамя мяне за апошнія два гады з розных універсітэтаў краіны адлічылі Дар’ю Якуш, Глеба Вайкуля, Юрася Лукашэвіча, Крысціяна Шынкевіча, Арцёма Кавалёва, Алену Кісель, Настассю Пілюгіну, Алену Дзянішчыц, Вячаслава Панасюка, Марыю Рабкову, Ігара Неліповіча і іншых. Шмат з іх вучыліся ў БДУ — самым вялікім універсітэце ў Беларусі”.
Пётр Маркелаў заклікае кіраўніка мінадукацыі і рэктараў беларускіх вну неадкладна і без умоў аднавіць усіх пералічаных актывістаў, спыніць адлічэнні студэнтаў за іх актыўнасць у палітычных і грамадскіх арганізацыях і гарантаваць студэнтам права на свабоду выказвання меркавання і права на мірныя сходы.
Петыцыя, якую падтрымала нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco, апублікавана на чатырох мовах - беларускай, рускай, нямецкай і англійскай.
Крыніца: Далучайцеся да петыцыі ў падтрымку адлічаных з вну актывістаў!