Сёння шостую гадавіну свайго існавання святкуе праваабарончая арганізацыя “Беларускі дакументацыйны цэнтр”. Ён быў заснаваны 19 кастрычніка 2012 года па ініцыятыве беларускіх праваабаронцаў, адвакатаў і сваякоў палітычных зняволеных.
БДЦ займаецца даследваннем рэпрэсій савецкіх часоў, дакументаваннем звестак пра парушэнні правоў чалавека ў нашыя дні, аказвае юрыдычную дапамогу сваякам ахвяраў гвалтоўных знікненняў канца 1990-ых – пачатку 2000 гадоў.
З нагоды гадавіны праваабарончай дзейнасці кіраўніца цэнтру Раіса Міхайлоўская распавяла пра планы на бліжэйшы год.
“Так, у першую чаргу мы працягнем дакументаванне парушэнняў правоў чалавека. Мы паспрабуем закрануць праблему пенітэнцыярнай сістэмы. І ў гэтым пытанні мы адкрытыя як да грамадства, так і да дзяржаўным органаў. Што датычыцца тэмы гвалтоўных знікненняў, якую мы вядзем напрацягу усіх шасці гадоў, то мы будзем далей дапамагаць сваякам зніклых і трымліваць гэтую тэму на грамадска значным узроўні”.
Раіса Міхайлоўская жадае сканцэнтраваць свае намаганні на стварэнні сістэмы дакументавання парушэнняў правоў саміх праваабаронцаў.
“Можа падацца, што дакументаванне – гэта ў будучым практычна нікому не патрэбная праца. Што гэта нудна, нецікава, просты збор папераў. Але зараз нашая база дадзеным “Памятаем” дазваляе нам рабіць даследванні і атрымліваць розныя статыстычныя дадзеныя, датычныя парушэнняў правоў чалавека. Напрыклад, парушэнні правоў саміх жа праваабаронцаў. Я лічу, што гэтая тэма зусім не даследаваная.
Дэкларацыя ААН аб праваабаронцах, якой дарэчы ў гэтым годзе спаўняецце 20 гадоў, рэкамендуе праваабаронцам усіх краін стварыць нацыянальныя сістэмы дакументавання злаўжыванняў у адносінах да праваабаронцаў і чальцоў іх сем’яў. У Беларусі такога няма, і мне хочацца гэта зрабіць. Бо я лічу сваім доўгам пакінуць пасля сябе тое, што адбывалася на маіх вачах у дачыненні да маіх калегаў і да мяне самой таксама”.
Кіраўніца БДЦ выказвае вялікую падзяку тым людям, якія працуюць у арганізацыі і ўносяць вялікі ўклад у яе развіццё.
“За арганізацыяй заўсёды стаяць пэўныя людзі, і я вельмі ганаруся і цаню свой калектыў. Гэта вядовыя і паважаныя ў грамадстве людзі, такія як Таццяна Агеева, Зміцер Дрозд, Людзміла Кучура ды іншыя. З намі працуюць валанцёры, і я вельмі радая, што маладыя юрысты таксама далучаюцца да нашай дзейнасці”.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” далучаецца да віншаванняў і жадае Беларускаму дакументацыйнаму цэнтру плённай працы і поспехаў на праваабарончай ніве.
Крыніца: 19 кастрычніка – шэсць гадоў Беларускаму дакументацыйнаму цэнтру