Разгляд адміністрацыйнай справы праваабаронцы Рамана Кісляка, які меў адбыцца 18 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Берасця, перанесены на 24 кастрычніка. Аб пераносе паведамляе сайт “Берасцейскай Вясны”.
У прызначаны судом час, сакратарка абвясціла, што Раман Кісляк зараз знаходзіцца за мяжой, а таму суд над ім перанесены на 24 кастрычніка на 11 гадзін.
14 кастрычніка, калі на плошчы Леніна ў Берасці сабраліся пратэстоўцы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, Кісляку ўручылі позву ў раённы аддзел міліцыі. Аднак праваабаронцу затрымалі непасрэдна ў Ленінскім РАУСе пасля мітынгу, пад час якога ён вёў назіранне за хадой мірнага сходу грамадзян.
У пастарунку, дзе ён правёў ноч, у Кісляка ўзняўся ціск, была выкліканая хуткая дапамога, якая адвезла яго ў лякарню, дзе ён прайшоў медычнае абследаванне. Кісляку паспелі ўручыць позву у суд на 18 кастрычніка за ўдзел у акцыі, якая адбылася мінулым днём у нядзелю.
Усяго 14 кастрычніка, пад час мітынгу і перад яго пачаткам, супрацоўнікі міліцыі затрымалі 16 (па некаторых звестках – 17) чалавек. Траіх непаўнагадовых пазней адпусцілі з бацькамі, на астатніх склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 9 удзельнікаў мітынгу атрымалі штрафы, траіх – Міколу Статкевіча, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава пакаралі арыштам на 5 сутак.
Крыніца: Берасце: 12 судоў прайшло, апошні перанеслі на 24 кастрычніка