Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрства FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), атрымала дадатковую інфармацыю і у дапаўненне да папярэдняга звароту просіць вас тэрмінова ўмяшацца ў наступную сітуацыю ў Беларусі.
Новая інфармацыя:
Абсерваторыя была праінфармаваная з надзейных крыніцаў аб вынясенні прысудаў сп-ні Алене Маслюковай, сябру Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Светлагорску, і экалагічнаму актывісту сп. Анатолю Змітровічу.
У адпаведнасці з атрыманай інфармацыяй, 8 і 9 кастрычніка 2018 года, сп. Анатоль Змітровіч і сп-ня Алена Маслюкова былі асуджаныя судом Светлагорскага раёна за арганізацыю флэш-моб «Светлагорск — за чыстае паветра», які адбыўся 15 верасня 2018 г. у знак пратэсту супраць шкоды, выкліканай заводам беленай цэлюлозы. Абое былі прысуджаныя да штрафу ў памеры 612,5 рублёў (каля 250 еўра), што эквівалентна дзвюм трацінам сярэдняй месячнай зарплаты ў Беларусі. Яны плануюць абскардзіць гэтае рашэнне.
Абсерваторыя нагадвае, што беларускае заканадаўства парушае права на мірныя сходы, забараняючы грамадзянам праводзіць мірныя сходы без дазволу. У Беларусі ўлады рэгулярна адхіляюць просьбы аб правядзенні мірных сходаў, звязаных з большасцю сацыяльных пытанняў, альбо без дастатковых падстаў, альбо шляхам накладання празмернага цяжару на арганізатараў, такіх як патрабаванне да арганізатараў па забеспячэнні першай медыцынскай дапамогі падчас правядзення мерапрыемства і ўборцы тэрыторыі пасля правядзення акцыі.
Абсерваторыя рашуча асуджае судовы пераслед сп-ні Алены Маслюкова і сп. Анатоля Змітровіча, які, як уяўляецца, накіраваны выключна на тое, каб перашкодзіць іх мірнай дзейнасці ў галіне правоў чалавека, і заклікае ўлады адмяніць гэтае рашэнне і зняць усе абвінавачванні супраць іх.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў заклікае ўлады Беларусі:
а. Гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць сп-ні Алены Маслюковай і сп. Анатоля Змітровіча, а таксама ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;
б. Адмяніць судовыя рашэнні, вынесеныя ў дачыненні да сп-ні Алены Маслюковай і сп. Анатоля Змітровіча, і пакласці канец любым формам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць іх і ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;
в. Выконваць палажэнні Дэкларацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб праваабаронцах, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 года, у прыватнасці яе артыкулаў 1, 2, 5 і 12.2;
г. Забяспечыць пры любых абставінах выкананне правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (Абсерваторыя) была створана ў 1997 годзе FIDH і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT). Мэта праграмы — умяшальніцтва з мэтай прадухілення або ліквідацыі сітуацый рэпрэсій супраць праваабаронцаў. FIDH і OMCT з'яўляюцца сябрамі ProtectDefenders.eu, механізму па абароне праваабаронцаў Еўрапейскага саюза, які ажыццяўляецца міжнароднай грамадзянскай супольнасцю.
Крыніца: Абсерваторыя патрабуе адмены штрафаў салігорскім актывістам